Пагоня

Сл.: М. Багдановіч
Муз.: М. Куліковіч

Толькі ў сэрцы трывожным пачую

За краіну радзімую жах,

Успомню Вострую браму сьвятую

І ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні,

Рвуцца, імкнуцца і цяжка хрыпяць.

Старадаўняй Ліцьвінскай Пагоні 

Не разьбіць, не спыніць, 

Не стрымаць!

 

У бязьмерную даль вы ляціце.

А за вамі, прад вамі — гады.

Вы за кім у пагоню сьпяшыце,

Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясьліся

За тваімі дзяцьмі наўздагон,

Што забылі цябе, адракліся, 

Прадалі і аддалі ў палон?

 

Біце ў сэрцы іх, біце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!

Хай пачуюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць.

Маці родная, маці краіна!

Не ўсьцішыцца гэтакі боль…

Ты прабач, ты прыймі свайго сына, 

За цябе яму ўмерці дазволь.

 

Усё лятуць і лятуць тыя коні,

Грознай зброяй далёка грымяць…

Старадаўняй Ліцьвінскай Пагоні 

Не разьбіць, не спыніць, 

Не стрымаць!