Цьвярдыня наша - Вечны Бог
«Ein feste Burg ist unser Gott, ein gute Wehr und Waffen»
«Цьвярдыня наша – вечны Бог, наш панцыр, наша зброя»
Гэтыя словы Марціна Лютара можна прачытаць на вежы Замкавай царквы ў Вітэнбэргу.
Гэта хіба што самы вядомы ў сьвеце гімн Лютара. На працягу амаль 500-гадовай гісторыі ён безьліч разоў перакладаўся на іншыя мовы ды перадрукоўваўся.
Вежа Замкавай царквы ў Вітэнбэргу
Д’ябал панічна баіцца хрысьціяніна, які сьпявае.
Так казаў Марцін Лютар і прысьвячаў нямала часу на тое, каб нанесьці шатану ўдар. Акрамя перакладу Бібліі на нямецкую мову, шматлікіх тэалягічных працаў вялікі рэфарматар напісаў не адзін дзясятак гімнаў, большасьць з якіх была заснаваная на Псальмах ці іншых месцах Пісаньня.
Калі разглядзець усе магутныя тамы біблейскай экзэгетыкі, хрысьціянскай апалягетычнай і рэлігійнай палемікі, якая лілася з-пад пяра Лютара, трэба прызнаць, што, за выключэньнем нямецкай Бібліі, нічога, што ён напісаў, не мела большага ці больш працяглага ўзьдзеяньня на звычайных людзей, чым яго гімны. (Уілсан)
Дасьледчыкі сыходзяцца на думцы, што гэты твор быў напісаны паміж 1527 і 1529 гадамі. Ёсьць нават цікавая і шчымлівая гісторыя напісаньня гімна Ein ‘Feste Burg Ist Unser Gott.
Вітэнбэрг
У ліпені 1527 г. мястэчка Вітэнбэрг ахапіла зьнішчальная чума. Курфюрст Фрыдрых заклікаў рэфарматара ўцякаць разам з усімі, хто мог. Але Лютар адчуваў пастырскі абавязак клапаціцца пра хворых. Можна было б і зьбегчы…
…але той, хто меў асаблівыя грамадскія абавязкі перад іншымі, мусіў заставацца.
У гэты лік уваходзілі і пастары. Разам з Лютарам застаўся і ягоны паплечнік пастар Ёнас Бугенхаген, цяжарная жонка якога неўзабаве паддалася хваробе. Ні яе, ні дзіця не ўдалося выратаваць.
Разбіты гэтай стратай, не ў апошнюю чаргу таму, што яго ўласная жонка Катарына перажывала цяжкую цяжарнасьць, Лютар напісаў Ёнасу:
Няхай мой Хрыстос, якога я шчыра вызнаю і прапаведую, стане маёй цьвярдыняй і крэпасьцю.
Марцін Лютар
Не прайшло і месяца, як гэтыя словы ўвасобіліся ў гімн Ein ‘Feste Burg Ist Unser Gott, заснаваны на 46-м Псальме. Ён і сёньня ўзрушвае і шчыміць сэрцы многіх людзей. Простая гісторыя, што зьявілася ў момант скрухі і жалю па памерлых жанчыне і дзіцяці.
Пазьней Лютар пісаў:
Музыку трэба шанаваць як другую пасля Божага Слова, бо праз яе ўзрушаюцца ўсе эмоцыі… Гэты каштоўны дар быў дадзены людзям дзеля таго, каб нагадаць ім, што яны створаныя для хвалы і ўзьвялічваньня Госпада.
Вокладка альбома Знакамітыя хрысьціянскія гімны
Сёньня вы можаце пачуць гэты гімн і па-беларуску.
Гэтакcама як і Лютар, мы штораніцы можам знаходзіць прытулак у Богу праз сьпевы. Бог – сапраўдная Цьвярдыня і Магутная Крэпасьць!
Глядзіце таксама: «Падымеш Ты»