Беларускае Праслаўленьне

Вялікі Бог, калі на сьвет гляджу я (How Great Thou Art)

“Вялікі Бог” зьявіўся ў якасьці верша ў 1885 годзе і меў арыгінальную назву “O Store Gud”. Напісаў яго былы марак Карл Густаў Боберг, які стаў пастарам “падпольнай царквы” у маленькім швэдзкім мястэчку.

Сам ён апавядае пра гісторыю напісаньня так:

“Была тая пара году, калі ўсё здаецца афарбаваным асабліва ярка; птушкі сьпявалі на дрэвах і паўсюль. Было вельмі цёпла; а неўзабаве на небасхіле зьявілася навальніца, прагучалі грымоты і бліснула маланка. Трэба было хутчэй хавацца. Аднак навальніца хутка скончылася і неба ачысьцілася. Калі я прыйшоў дадому, адчыніў вакно, што выходзіла на мора. Відаць, адбывалася пахаваньне, бо царкоўныя званы гралі мэлёдыю «Калі гадзіньнік вечнасьці заклікаў маю збаўленую душу ў сьвяты адпачынак» (‘When eternity’s clock calling my saved soul to its Sabbath rest’). У той вечар я напісаў сьпеў O Store Gud».

Хоць верш і быў надрукаваны, але меў усе шансы быць забытым. Аднак…

Трыма гадамі пазьней нехта натхніўся і паклаў верш на швэдзкую народную мэлёдыю, пасьля чаго і сам аўтар ацаніў свой твор і надрукаваў яго ў сваёй газэце, але на гэты раз з нотамі.

А далей… Гімн не затрымаўся толькі ў Швэцыі. Ён пачаў набываць папулярнасьць і новае жыцьцё ў перакладах на розныя мовы. Так у першую дэкаду 20 ст. яго пачалі сьпяваць у Эстоніі, там жа Манфрэд фон Глен пераклаў яго на нямецкую мову. А ў пачатку 1930-х гадоў ангельскі місыянэр Сцюарт К. Хайн, які прыехаў ва Ўкраіну, пачуў гэты сьпеў па-расейску. Некалькі гадоў яны з жонкай сьпявалі яго разам з мясцовай царквой, пакуль Хайн ня сеў і не пераклаў сьпеў на ангельскую мову.

Адкуль жа ўзяўся расейскі пераклад? Справа ў тым, што вядомы эвангеліст Іван Праханаў у 1912 г. перакладаў творы таго самага Манфрэда фон Глена, сярод якіх трапіўся і “Вялікі Бог”. Пасьля гімн быў уключаны ў зборнікі “Песни христиан” і “Песнь Возрождения”, а таксама ў беларускамоўны зборнік “Гімны хрысціян” у перакладзе Д. Ясько.

Прапануем паслухаць незвычайнае гучаньне сьпева ў выкананьні Аляксандра Віслаўскага.

Глядзіце таксама: «Мэсія»