Nearer, My God, to Thee
Ці знойдзецца чалавек, што ня чуў бы сьпеў Nearer, My God, to Thee (Божа, бліжэй да Цябе)?
Гэты глыбока духоўны гімн мае, аднак, даволі “скандальную” рэпутацыю, дзякуючы сувязям з сусьветна вядомымі катастрофамі, такімі як гібель Тытаніка.
Але кім ён быў напісаны? І што зрабіла яго такім знакамітым?
Твор быў напісаны ў 1841 годзе за адзін тыдзень!
Вельмі вядомая ў свой час актрыса Сара Флаўэр Адамс, захварэўшы на сухоты, вымушаная была пакінуць сцэну і занялася напісаньнем вершаў і духоўных гімнаў. Пастар царквы, якую наведвала Сара, шукаў нейкі твор, які б пасаваў да ўрыўку з Кнігі Быцьця 28:11-19 (вядомага як “сон Якуба”). Да наступнага нядзельнага служэньня заставалася сем дзён, але паэтка не замарудзіла з напісаньнем верша на гэтую тэму. Яе родная сястра Эліза яшчэ да канца тыдня паклала словы на музыку.
Твор стаў настолькі папулярным, што спробы напісаць для яго музыку рабілі многія кампазытары. Нам жа найбольш вядомы варыянт, напісаны Лоўэлам Мэйсанам.
Нават тыя, хто не цікавяцца ні клясычнай, ні духоўнай музыкай, пазнаюць мэлёдыю, выкарыстаную ў знакамітым фільме “Тытанік” у самы момант катастрофы. І гэта не рэжысэрская прыдумка. Па словах відавочцаў восем карабельных музыкаў, стоячы на палубе, якую паступова залівала вада, апошнім гралі менавіта гэты гімн. Гэта адбылося ў 1912 годзе. А на шэсьць год раней адбылася яшчэ адна значная трагедыя – гібель канадзкага парахода “Валенсія”. Вядома, што экіпаж і пасажыры разам сьпявалі Nearer, My God, to Thee, калі карабель паглынаўся вадой. Многія знакамітыя людзі адыходзілі ў вечнасьць пад гукі гэтага гімну, ці з яго словамі на вуснах. Таму сьпеў набыў у пэўным сэнсе трагічную рэпутацыю, хоць напісаны быў пры зусім іншых абставінах.
А таксама гэты сьпеў і музыка былі выкарыстаныя ў шматлікіх (нават савецкіх!) экранізацыях розных гадоў.
Паслухайце! Гэты сьпеў можа зьмяніць ваш дзень. А можа і жыцьцё.
Тэкст сьпева: «Божа, бліжэй да Цябе»
Глядзіце таксама: «Я магу толькі марыць»