Беларускае Праслаўленьне

for KING & COUNTRY

“for KING & COUNTRY” – гурт вядомы амаль кожнаму верніку. Іх сьпевы поўныя падбадзёрваньня і натхненьня, а мэлёдыі прыгожыя і запамінальныя.

Браты Джоэл і Люк Смолбоўны нарадзіліся ў Сіднэі, Аўстралія, але яшчэ дзецьмі разам з бацькамі яны эмігравалі ў ЗША ў Нэшвіл. Іх сям’я была шчыльна зьвязаная з музыкай: бацька працаваў музычным прамоўтэрам, а хлопцы выконвалі бэк-вакал і іншыя ролі другога пляна для сваёй сястры Рэбэкі Сэнт-Джэймс, хрысьціянскай сьпявачкі і аўтара сьпеваў, а таксама для розных гуртоў на канцэртах па ўсёй Амэрыцы. Неўзабаве пасьля таго, як Люк скончыў сярэднюю школу, браты паспрабавалі стварыць свой гурт “Joel & Luke” у 2007. Назву пазьней зьмянілі на “Austoville”, перш чым спыніцца на сваёй цяперашняй назьве.

У 2008 годзе “Joel & Luke” выпусьцілі міні-альбом з шасьці сьпеваў пад назвай “A Tale of Two Towns”. Сьпеў “Love’s to Blame” быў напісаны ў суаўтарстве з Рэбэкай Сэнт-Джэймс.

Джоэл, Люк і іх сястра Рэбэка Сэнт-Джэймс

У 2009 годзе Джоэл і Люк падпісалі кантракт з Warner Music Group з Бэнам Гловерам у якасьці прад’юсара. Яны зьмянілі сваю назву на “for KING & COUNTRY”, паводле брытанскага баявога клічу.

“Мы хацелі мець назву гурта з больш глыбокім сэнсам. Мы былі ў студыі, запісвалі сьпеў, і ў Джоэла ўзьнікла ідэя назвы “All The King’s Men”. Наш прад’юсар пачуў нашу размову  і прапанаваў “for KING & COUNTRY”. І ўсе мы адчулі дотык провіду ў той момант. “За караля і краіну” – гэта быў баявы кліч брытанскіх жаўнераў, гатовых аддаць жыцьцё за свайго караля і сваю краіну. І цяпер гэта стала нашай місіяй – аддаць сваё жыцьцё дзеля нашага Караля і нашай краіны”.

Люк Смолбоўн

У 2011 годзе браты выпусьцілі міні-альбом “For King & Country: The EP”. Сьпеў “Busted Heart (Hold On to Me)” быў выпушчаны ў якасьці сынгла і заняў 3-е месца ў чарце хрысьціянскіх сьпеваў Billboard. Хлопцы ахарактарызавалі “Busted Heart” як “сапраўды ўсеагульны крык чалавецтва пра нешта большае, чым мы самі…“ Сьпеў стаў самым папулярным сынглам 2011 года ў сваім жанры, падымаючыся ў Топ-10 цягам некалькіх тыдняў.

Новы альбом “Burn the Ships” быў выпушчаны 5 кастрычніка 2018 года. Джоэл і Люк назвалі яго самым сьпелым запісам, які яны зрабілі ў разуменьні таго, хто яны як дуэт, хто яны як мужчыны і, магчыма, у разуменьні жыцьця, таму што сталі крыху больш старэйшымі, чым былі ў мінулы раз. Два сьпевы былі напісаны на цяжкія тэмы (наркаманіі і суіцыду), а два — да іх жонак і пра іх (яны сьпяваюць у фінальным трэку “Pioneers” і зьяўляюцца ў кліпе). Альбом зьмяшчае дзесяць сьпеваў, і да яго запісана пяць кліпаў. “Burn the Ships” атрымаў Грэмі ў 2019 годзе, як і сынглы “God Only Knows” і “Joy”.

У 2020 годзе пасьля адмены заплянаванага тура праз пандэмію каранавіруса гурт даваў канцэрты на адкрытым паветры ў стылі “драйв-ін”, дзе наведвальнікі слухалі і глядзелі канцэрт са сваіх аўта. У кастрычніку 2020 года “for KING & COUNTRY” выпусьціў калядны паўнафарматны альбом “A Drummer Boy Christmas” у супрацоўніцтве з “Needtobreathe” і Гэбі Барэт. 7 студзеня 2022 года гурт выпусьціў рэклямны сынгл пад назвай “Unsung Hero”, які распавядае пра маці Джоэла і Люка.

Браты Смолбоўн са сваёй маці Хэлін

Пяты студыйны альбом гурта “What Are We Waiting For?” быў выпушчаны 11 сакавіка 2022 года. Альбом дэбютаваў на 1-м месцы ў чарце найлепшых хрысьціянскіх альбомаў Billboard і на 7-м месцы ў Billboard 200.

7 кастрычніка 2022 года гурт перавыдаў свой сьпеў «Love Me Like I Am» у якасьці сынгла з удзелам амэрыканскай сьпявачкі і акторкі Джардын Спаркс, якая стала пераможцай 6 сэзона American Idol. У дадатак да ўдзелу Спаркс, сьпеў уключаў у сябе пераробленыя інструмэнтальныя партыі. Сьпеў заняў 10-е месца ў чарце Hot Christian Songs. 16 чэрвеня 2023 года гурт выпусьціў сінгл «What Are We Waiting For?», які раней не ўваходзіў у альбом.

У адным з інтэрвію браты Смолбоўн апісалі сваю філасофію:

Сіла музыкі можа ўплываць на наш настрой, эмоцыі, наш дзень. Але калі вы злучаеце сілу музыкі з сэрцам, надзеяй і запалам Эвангельля… яна мае моц ня толькі зьмяніць чыйсьці дзень, але і паўплываць на жыцьцё. Вось чаму мы пішам музыку і сьпяваем – мы спадзяемся, што людзі будуць узрушаныя, падбадзёраныя і заахвочаныя жыць жыцьцём для Некага большага, чым яны самі.

На гэтае Раство мы падрыхтавалі для вас кавэр “Нябеснае воінства” на сьпеў “for KING & COUNTRY”. Таксама на нашым сайце вы знойдзеце пераклады сьпеваў гэтага гурта – Нябеснае воінства, Амэн