Джошуа Аарон
Джошуа Аарон — амэрыкана-ізраільскі мэсіянскі сьпявак і аўтар сьпеваў, чыя музыка даволі папулярная на стрымінгавых пляцоўках.
Маці Джошуа гебрайка, а бацька — амэрыканец польскага паходжаньня. Адна бабуля Джошуа — артадаксальная гебрайка, другая бабуля — хрысьціянка. Як вы можаце здагадацца, Джошуа выхоўваўся ў зьмяшаных культурах і традыцыях.
Ужо ў дарослым узросьце Джошуа з жонкай і дзецьмі пераехалі ў Ізраіль. Гэта было сур’ёзнае выпрабаваньне, яго дзецям-шкалярам прыйшлося з нуля вучыць іўрыт, каб камунікаваць з новымі сябрамі.
“Калі мы толькі пераехалі сюды, мая дачка двойчы хварэла на шкарлятыну, а сына ўкусіў атрутны павук. Яго рука распухла, і мы кепска ведалі іўрыт, каб зразумець лекара.
У выніку нам прыйшлося пакінуць Ізраіль і на некаторы час вярнуцца ў ЗША. Потым мы вярнуліся ў 2015 годзе пасьля лепшай падрыхтоўкі.”
Цяпер Джошуа жыве ў Галілеі з жонкай і пяцьцю дзецьмі.
Паводле меркаваньня Джошуа, музыка заўсёды была адным з самых неверагодных спосабаў злучыць людзей з тым, у што яны вераць. Найлепшым прыкладам значнасьці музыкі зьяўляецца кніга Псальмаў — кніга, якая зьмяшчае шмат сьпеваў і вершаў, зьвернутых да Бога.
Сваёй мэтай у інтэрнэце Джошуа Аарон называе памкненьне адкрыць для слухача/гледача Ізраіль з дапамогай музыкі і відэа — убачыць пячатку Бога Ізраіля на зямлі.
Джошуа ў асноўным сьпявае па-ангельску і на іўрыце, яго хрысьціянская музыка ўключае ў сябе традыцыйныя гебрайскія тэмы, зьмяшаныя з рознымі жанрамі.
У дадатак да часу, прысьвечанага музыцы і хрысьціянскаму служэньню, Джошуа Аарон таксама прымае ўдзел у ізраільскай некамэрцыйнай арганізацыі The Music House. Будынак, які знаходзіцца побач з Галілейскім морам, зьяўляецца цэнтрам пакланеньня, закліканым аб’яднаць хрысьціянскіх музыкаў з мэтай аддаць хвалу Мэсіі, які хутка прыйдзе.
Час пандэміі Covid-19 не стаў для Джошуа часам для адпачынку. Яны з сям’ёй ляцелі на вясельле ў ЗША, ніякіх выступаў не плянавалася, толькі вясельле. Але потым Джошуа напісаў у сацыяльных сетках, што будзе ў ЗША. Людзі пачалі зьвязвацца з ім і пытацца, ці можа ён зладзіць канцэрт. Адказваючы на патрэбу людзей, Джошуа з сям’ёй правялі 20 канцэртаў у 12 штатах, у асноўным на адкрытым паветры. У Вірджыніі пажылая жанчына ехала 5 гадзінаў, каб патрапіць на канцэрт. Яна колькі месяцаў не выходзіла з дому, ня бачыла родных, і вельмі дзякавала Джошуа за тое, што ён даў ёй магчымасьць выбрацца з дому. Праз жаданьне Джошуа паслужыць Госпаду насуперак акалічнасьцям, людзі змаглі пачуць слова надзеі.
У той час Джошуа разам з Ааронам Шустам напісалі сьпеў “Safely in his arms”.
“Мы проста думалі як перажыць [гэтыя месяцы] Covid, але сьпеў дапамог людзям адчуць вечную перамогу ў Мэсіі — нават людзям, якія паміралі.”
Адно з першых запрашэньняў для Джошуа Аарона было з Ватыкана, які запрасіў яго прыехаць у Польшчу на Сусьветныя дні моладзі з 3 мільёнамі наведвальнікаў. Джошуа распавядае, што ён доўга маліўся наконт гэтага запрашэньня, бо ня быў ні католікам, ні прыхільнікам папы Рымскага. Але праз малітву ён адчуваў супакой, каб паехаць. Гэта было даволі сымбалічна, амаль уся яго сям’я паходзіла з Польшчы: усе бабулі і дзядулі яго бацькі пераехалі з Польшчы ў Амэрыку, а бабуля па матчынай лініі ўцякла з Польшчы падчас Галакосту. Мерапрыемства трансьлявалі ўсе польскія каналы.
Сьпеў Джошуа «Bring Us Back» прыгадвае час у гісторыі, калі гебрайскі народ быў выгнаны ў Бабілон. Сьпеў падобны на малітву да Бога і, хоць з некаторымі варыяцыямі, зьяўляецца вэрсіяй Псальма 137.
Яго гук складаецца з шырокага спэктру інструмэнтаў, у тым ліку арфы, струнных піцыката, электроннага баса, шэйкераў, фісгармоніі і уда, турэцкага інструмэнта, падобнага да лютні. Сьпяваючы ў асноўным па-ангельску, Аарон таксама сьпявае на іўрыце бэк-вакалам словы з псальма: «Калі я забудуся пра цябе, Ерусаліме, няхай забудзецца пра мяне правіца мая!».
Бліжэй да канца сьпева далучаюцца дзеці, як адсылка на 70-гадовы палон Ізраіля, падчас якога пасьпела ўзгадавацца новае пакаленьне, якое разам з бацькамі таксама кліча да Бога пра вызваленьне.
Гэты сьпеў увасабляе ў сабе творчасьць Джошуа Аарона: сумесь хрысьціянскай і гебрайскай культураў, любоў да свайго народу і веру ў Бога Ізраіля, Які адкрыўся для кожнага чалавека праз Ісуса Хрыста.
На беларускую мову перакладзеныя сьпевы «Ты — Сьвяты Бог» і «Няма такіх як Ты».