Мэт Рэдман
У адрозненьне ад вядомых выканаўцаў, такіх як Крыс Томлін, MercyMe і tobyMac, якія нарадзіліся ў старым добрым біблійным поясе Поўдня ЗША, Мэт Рэдман вырас у Ангельшчыне.
У сонным маленькім прыгарадзе ў гадзіне язды на поўнач ад Лёндана Рэдман упершыню пазнаёміўся з верай дзякуючы трагічнай падзеі ў яго дзяцінстве. Калі сьпеваку было 7 гадоў, яго бацька раптоўна памёр. Толькі праз гады Рэдман даведаўся, што ягоны бацька на самай справе скончыў жыцьцё самагубствам.
«Гэта было амаль як двайны ўдар, таму што ён выклікаў нашмат больш пытаньняў, – сказаў Рэдман Guideposts.org, – Навошта ён гэта зрабіў? Ці меў я да гэтага дачыненьне? Шчыра кажучы, у мяне ня так шмат успамінаў пра яго, але я адзначаю гэта як момант, калі пачаў крыху думаць пра Бога».
Малады Рэдман кожную нядзелю ішоў у царкву, нават у тыя дні, калі астатнія члены яго сям’і вырашалі заставацца дома. Праз гады пасьля сьмерці бацькі маці Рэдмана выйшла замуж паўторна, але яе новы муж злоўжываў даверам сямʼі, і Рэдман пачаў больш чым калі-небудзь раней зьвяртацца да царквы, веры і музыкі, каб разабрацца ў сваім жыцьці.
«У падлеткавым узросьце маё жыцьцё стала надзвычай цяжкім, – сказаў Рэдман, – але зноў жа, з ласкі Божай, я вырашыў даверыцца Яму і паверыць, што Ён кантралюе гэта. Нягледзячы на тое, што я ня мог зразумець нічога, што Ён рабіў, проста верыў, што Ён бачыць мяне. Я думаю, што шмат з таго, што я раблю цяпер, напісаньне песень і ўсё гэта зьвязана з тым рашэньнем даверыць сябе Госпаду».
Рэдман быў бы першым, хто прызнаў, што ён ніколі не зьбіраўся стаць хрысьціянскім выканаўцам. Тое, што пачалося ў дзяцінстве, калі Мэт толькі вёў праслаўленьне ў сваёй мясцовай царкве, неўзабаве перарасло ў гастрольныя канцэрты, дамовы са студыямі гуказапісу, прэміі Грэмі і намінацыі на Dove.
У Рэдмане ёсьць нешта спрадвечна брытанскае. Магчыма, гэта яго акцэнт – што робіць яго імгненна сымпатычным – або тое, як ён параўноўвае напісаньне сьпеваў з заварваньнем гарбаты. Магчыма, гэта дапамагло яму атрымаць нямала прыхільнікаў і даволі шмат сяброў у індустрыі, сэрцы некаторых з якіх Рэдман схіліў апошнімі запісамі.
‘Для гэтага і патрэбныя сябры’, – пажартаваў Рэдман, калі яго спыталі аб супрацоўніцтве з такімі людзьмі, як Томлін, Дэвід Краўдэр і Джонас Мірн, – ‘Цікава, так шмат людзей, на якіх я гляджу з павагай, насамрэч мае сябры’.
‘Упершыню ў гэтым запісе мне давялося напісаць штосьці з Дэвідам Краўдэрам, якога я ведаю, мабыць, 15 гадоў, таму я думаю, што ўсё нашае сяброўства праяўляецца ў гэтых сьпевах. Праз сяброўства вы ўдасканальваеце адзін аднаго як творчыя людзі і як вучні Ісуса’.
Калі Рэдман не ў дарозе, не на гастролях, ён прысьвячае сябе сваёй сям’і, выхоўваючы пяцёх дзяцей разам з жонкай Бэт.
«Мне ніколі не бывае сумна, – кажа Рэдман, – Калі адзін з маіх дзяцей падыходзіць да мяне і кажа: «Мне сумна», я кажу: «Гэта немагчыма». Акрамя вашай мамы і мяне, у гэтым доме знаходзіцца яшчэ сем чалавек, вам ня можа быць сумна». Але, шчыра кажучы, я думаю, што гэта ўсяго толькі працэс навучаньня таму, як быць бацькам. Я думаю пра тое, што ў Пісаньні гаворыцца пра тое, што Бог павольны на гнеў і хутка праяўляе спачуваньне. Часам я лавіў сябе на тым, што я наадварот, хутка злуюся на сваіх дзяцей або не вельмі хутка спачуваю, і хачу быць больш падобным да свайго Нябеснага Айца. Я хачу, каб яны бачылі Яго сэрца праз мае дзеяньні».
Першы альбом Мэта Рэдмана «Wake Up My Soul» выйшаў у лютым 1994 году. Прадзюсарам альбома выступіў Марцін Сьміт.
У 2005 годзе кампазыцыя «Blessed Be Your Name» атрымала ўзнагароду Dove і была прызнаная сьпевам году сярод катэгорыі сьпеваў праслаўленьня.
У лютым 2011 сумесна з Крысам Томлінам і некалькімі іншымі музыкамі быў запісаны альбом «10 000 Reasons». Аднайменны сьпеў з гэтага альбома пратрымаўся 13 тыдняў у чарце Billboard і атрымаў дзьве ўзнагароды Grammy. У 2018 годдзе гэты сьпеў увайшоў у Залаты сьпіс. Кавэры на некаторыя сьпевы Рэдмана запісвалі Майкл Сьміт, Джэрэмі Кэмп, гурты Kutless і Hillsong United.
У Мэта Рэдмана 13 студыйных альбомаў, 4 канцэртныя альбомы. Самы сьвежы выйшаў літаральна ў студзені гэтага году – альбом «Let There Be Wonder».
Мэт Рэдман быў аўтарам і рэдагаваў некалькі кніг прысьвечаных служэньню ў царкве, у тым ліку «Незгасальнае праслаўленьне» і кнігу «Тварам да зямлі», якая суправаджала аднайменны альбом. Ён і яго жонка разам напісалі кнігу пад назвай «Дабраслаўлёнае імя Тваё» з надзеяй натхніць іншых людзей давяраць Богу і Яго дабрыні, незалежна ад абставінаў.
У адным са сваіх інтэрв’ю Мэт Рэдман сказаў, што жадае бачыць больш хрысьціянаў, якія будуць сьмела казаць пра Ісуса:
«Я думаю, што ў нашым грамадзтве і ў царкве неабходна абвяшчаць імя Ісуса, ня проста казаць у агульных рысах пра тое, хто такі Бог, але і называць Яго імя, абвяшчаць і прамаўляць гэта – сьпяваць імя Ісуса.»
Што можна паслухаць па-беларуску гэтага аўтара?