Беларускае Праслаўленьне

Planetshakers

Planetshakers — гэта моладзевы рух, які пачаўся ў 1997 годзе як штогадовая канферэнцыя і пазьней перарос у служэньне, а пасьля ў царкву ў Мэльбурне, Аўстралія. Сваёй мэтай Planetshakers называе ўмацаваньне маладога пакаленьня вернікаў і пашырэньне іх магчымасьцяў у служэньні з мэтай заваяваньня сэрцаў маладых людзей, якія яшчэ не спазналі Хрыста. 

Музыка гурта Planetshakers — гэта сучасны стыль хвалы і пакланеньня, зьмяшаны з мэйнстрымавым рокам і поп-музыкай.

Удзельнікам гурта Planetshakers на працягу некалькіх гадоў быў таксама Гай Себасцьян, які перамог у музычным конкурсе Australian Idol 2003 года. Многія з музыкаў паходзяць з гурта Youth Alive South Australia, які таксама выпускаў кампакт-дыскі. Некаторыя са сьпеваў, напісаных цяперашнімі ўдзельнікамі гурта для альбомаў Youth Alive, такіх як ‘Phenomena’ і ‘God of Miracles’ (з альбома Youth Alive Western Australia), таксама гучалі ў раньніх альбомах Planetshakers.

У 2004 годзе кампакт-дыск Planetshakers ‘Open Up The Gates’ быў намінаваны на прэмію Dove Awards як лепшы альбом праслаўленьня і пакланеньня.

Гурт Planetshakers цяпер базуецца ў Мельбурне ў царкве Planetshakers City Church пад кіраўніцтвам пастараў Расэла і Саманты Эванс. З больш чым 20 альбомамі, якія атрымалі міжнароднае прызнаньне, гурт штогод гастралюе ў ЗША, Вялікабрытаніі, Эўропе, Паўднёвай Афрыцы, Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстраліі і Новай Зэляндыі. З 1997 года гурт значна павялічыўся праз стварэньне дзьвюх камандаў, якія рэгулярна падарожнічаюць па свеце.

Падчас такіх выяздаў гурт сутыкнуўся з тым, што людзі розных культураў могуць па-свойму рэагаваць на праслаўленьне. Ноах Уолкер падзяліўся сьведчаньнем, што аднойчы падчас вялікага вечара хвалы натоўп проста не разумеў што ім рабіць і людзі размаўлялі адно з адным, хоць у гэты час гурт намагаўся рухацца ў хвале. Але Госпад пачаў дзейнічаць праз слова прапаведніка і Дух Сьвяты напоўніў людзей трымценьнем і страхам, так што заля была сфакусаваная на слуханьні Божага слова. Ноах кажа, што пасьля гэтага ўсьвядоміў наколькі моцна Госпад можа выкарыстоўваць іх каманду для навяртаньня людзей да Бога. 

Лідары гурта Planetshakers у адным з інтэрв’ю таксама падкрэсьліваюць, што часам маладыя вернікі хочуць дасягнуць посьпеху або рэалізаваць свае мары без перашкодаў ці праблемаў. Але гэта працэс, у якім чалавек мусіць прайсьці вызначаны яму шлях. І калі вернік перадусім пачне шукаць Бога, астатняе дадасца, як напісана ў Мацьвея 6:33. Нашае пастаяннае «так» Богу, крок за крокам, асьвятляе шлях і пакліканьне, якія Бог прызначыў для нас.

‘Калі я быў зусім маленькім, тата купіў сабе бас-гітару і пайшоў на заняткі па гітары. Ён вярнуўся пасля аднаго з гэтых заняткаў і паказваў мне тое, чаму навучыўся. Я хутка разабраўся і пачаў граць, і тады мой зьдзіўлены тата даў мне сваю бас-гітару і адправіў на заняткі замест сябе. Я разумеў, што мне давераны гэты дар ад Бога, таму вырашыў граць кожную нядзелю ў царкве і кожную пятніцу на моладзевым служэньні. Маё пасьлядоўнае «так» Богу і пастаяннае выкарыстаньне гэтага дару для праслаўленьня Бога адкрылі вялікія магчымасьці. Пазьней я стаў удзельнікам гурта Planetshakers.’

Джош Хэм, бас-гітарыст Planetshakers

Planetshakers пастаянна разьвіваецца ў сваім музычным стылі. Новыя людзі, новыя таленты не даюць гурту стаяць на адным месцы. Яны ўвесь час эксперыментуюць са стылямі і жанрамі музыкі. 

Але колькі б гурт ні вандраваў па сьвеце, яны заўсёды вяртаюцца да дому, у сваю царкву. І царква мае велізарны ўплыў на служэньне Planetshakers, бо іх сьпевы адлюстоўваюць бачаньне і перажываньні самой царквы Planetshakers City Church. Такая сувязь царквы і музыкаў вельмі важная, бо ўдзельнікі гурта, як і іншыя вернікі маюць патрэбу ў царкве, у Божым слове, у малітве. 

На беларускую мову ўжо перакладзены адзін са сьпеваў Planetshakers — Як агонь (Like a fire).