Беларускае Праслаўленьне

Пол Уілбур

Ёсьць старая прымаўка, што «музыка – унівэрсальная мова». Гэта дакладна апісвае служэньне Пола Ўілбура, які амаль 40 гадоў прысьвяціў вялікаму служэньню па ўсім сьвеце. У тысячах канцэртаў, шматлікіх запісах і больш чым 3 мільёнах продажаў альбомаў Пол размаўляе на мове мэлёдый і сьпеваў, якія даходзяць да сэрцаў.

Сусьветныя опэрныя сцэны і сынагогі былі амбіцыямі рашучага маладога чалавека на імя Пол Уілбур. Захапленьне мастацтвам і музыкай прывяло яго з асьпірантуры ў Кліўлендзе, штат Агаё, у Мілан. Там ён навучаўся вакальнай тэхніцы, італійскай мове і опэры ў дасьведчаных настаўнікаў опэрнага тэатру Ла Скала.

«На той час, як я вярнуўся з Італіі, кірунак майго жыцьця быў даволі відавочны», – кажа Пол. «Жыцьцё Рычарда Такера стала ўзорам посьпеху, які я хацеў пераймаць. Гэта быў гебрай, які быў адным з самых паважаных опэрных тэнараў у сьвеце, і які таксама шанаваў сваю рэлігійную традыцыю, сьпяваючы ў сінагогах».

Пол атрымаў ступень магістра ў галіне вакальнага выкананьня музыкі ўва ўнівэрсітэце Індыяны, і рэчы, паводле яго словаў, якія звычайна прыцягваюць маладых людзей, таксама былі прывабнымі для Пола: музыка, ягоныя сябры і дзяўчыны! Але ў стасунках Пола з дзяўчынамі непазьбежна адбываліся дзьве рэчы: ён запрашаў дзяўчынаў на спатканьне, а яны запрашалі Пола ў царкву. Так, падчас аднаго з такіх «царкоўных спатканьняў» Пол сустрэў Джэры Ўільямса, маладога чалавека з Заходняга Тэхаса, чыё сьведчаньне і сяброўства ў хуткім часе зьмянілі жыцьцё Пола назаўжды.

«Я быў цалкам захоплены запалам Джэры і яго любоўю да Бога, хоць я ніколі не сустракаўся з ім асабіста. У першы раз, калі я ўбачыў яго ў праслаўленьні, я зразумеў, што ён не сьпявае пра Бога, а сьпявае Яму».

Захапленьне шчырай верай разам з глыбокім вывучэньнем Сьвятога Пісаньня цягнула Пола на набажэнствы тыдзень за тыднем. Ён далучыўся да вывучэньня Бібліі ў сваім асьпіранцкім інтэрнаце і адчуў прагненьне да ўсяго, што магло б адкрываць для яго Бога Бібліі.

Разам са сваім сябрам Эдам Кэрам Пол і Джэры стварылі папулярны хрысьціянскі гурт «Harvest». Яны падарожнічалі і служылі разам, а таксама запісалі некалькі альбомаў з Benson Record Company.

Гурт "Harvest"

«Які гэта быў неверагодны час у маім жыцьці», – кажа Пол. «Але заклік вярнуць Эвангельле ў гебрайскую супольнасьць ўсё мацнеў і мацнеў у маім сэрцы». Пасьля амаль пяці гадоў працы з «Harvest» Пол падпарадкаваўся гэтаму закліку і перавёз сваю невялікую сям’ю ў Вашынгтон, акруга Калюмбія, і стаў маладым мэсіянінам у кангрэгацыі, якая называецца «Бэт-Мэсія». На працягу двух гадоў Пол быў змушаны займацца падпрацоўкамі, каб аплочваць рахункі, пакуль, як дзеліцца ўспамінамі Пол, Госпад не сабраў разам трох гебраяў-музыкаў і не назваў іх «Israel’s Hope». Яны падарожнічалі і служылі разам больш за восем гадоў, запісваючы некалькі альбомаў пад лэйблам «Maranatha!».

Гурт "Israel's Hope"

«Сэрцам пакланеньня зьяўляюцца асабістыя адносіны паміж намі і Богам. Нельга чакаць, што людзі будуць зьвяртацца да Бога на мове, якую яны не разумеюць. Нашай мэтай хутка стала перадача музыкі, пасланьня і служэньня народам на іх роднай мове».

Асноўнай мэтай працы гурта «Israel’s Hope» было вяртаньне пасланьня Эвангельля гебрайскаму народу. Адначасова з гэтым Пол Уілбер разумеў, што Бог заклікае яго да міжкультурнага, шматмоўнага канцэртнага служэньня. Канцэрты гурта адбываліся па ўсім сьвеце, у Паўднёвай Афрыцы, Сінгапуры, Кувэйце і Кубе, Францыі і на Філіпінах. Сьпевы гурта запісваліся на пяці розных мовах. Увесь гэты час Пол і яго каманда працавалі над тым, каб спалучаць музыку і місію, прыносячы надзею на збаўленьне для многіх людзей.

Усе сьпевы Пола прасякнутыя захапленьнем і пашанай да Госпада, услаўленьнем Ягонай бязьмежнай міласэрнасьці і любові да чалавека. Пол неаднойчы зазначаў, што людзям неабходна прывесьці ў адпаведнасьць сэрца і вусны. Тое, што чалавек абвяшчае вуснамі мусіць быць і ў ягоных думках, ягоным сэрцы. Бог можа магутным чынам дзейнічаць праз таго чалавека, які і вуснамі, і сэрцам шчыра праслаўляе Яго.

Сёньня Пол зьяўляецца выканаўцам лэйблу «Integrity Music» і заснавальнікам «Wilbur Ministries». У 1990 годзе ён запісаў свой першы альбом з «Integrity» пад назвай «Up To Zion». З таго часу ён запісаў яшчэ чатыры сольныя альбомы, у тым ліку тры з live-канцэртамі ў Ерусаліме.

Служэньне «Wilbur Ministries» імкнецца будаваць памесную царкву праз хвалу і пакланеньне Богу, а таксама навучаньне і навучальныя сэмінары. «Wilbur Ministries» таксама праводзіць сэмінары для гуртоў і лідараў праслаўленьня. Гэтае служэньне таксама вядзе актыўную працу з гебрайскімі супольнасьцямі, каб праз няспыннае і шчырае служэньне адкрываць Хрыста для гэтых людзей. Штаб-кватэра «Wilbur Ministries» знаходзіцца ў Джэксанвіле, штат Фларыда, дзе Пол жыве са сваёй жонкай Луан і двума сынамі Натанам і Джоэлам, і нявесткай Шэран Чарнаф Уілбур.

Пол Уілбур і яго жонка Луан