Steiger
Гісторыя эвангелізацыйнага служэньня Steiger пачалася ў 1983 годзе на піку эўрапейскага панк-рок руху ў Амстэрдаме. Там Дэвід і Джодзі Пірс пачалі вывучэньне Бібліі на баржы, вядомай як Steiger 14 за цэнтральным чыгуначным вакзалам, несучы Божае слова мясцовым панкам і анархістам.

Неўзабаве пасьля гэтага Дэвід заснаваў музычны гурт пад назвай «Больш ня музыка» (NLM), каб адкрыць Эвангельле маладым людзям, якія ніколі не прыйшлі б у царкву.
На працягу многіх гадоў NLM служыў, наведваючы раней недасяжныя або цяжкадаступныя месцы, і быў адным з каталізатараў сусветнага эвангельскага руху. Гэта прывяло да стварэньня служэньняў, заснаваньня новых цэркваў і хуткага ўздыму хвалі пасьлядоўнікаў Ісуса, якія горача імкнуцца данесьці любоў Хрыста да тых, хто інакш не зьведаў бы яе.

У 2003 годзе, у адказ на неабходнасьць выхаваць наступнае пакаленьне радыкальных місіянэраў, перадаючы ім урокі і прынцыпы, атрыманыя за больш чым 20 гадоў служэньня, Джодзі Пірс адкрыла Місійную школу Steiger. Як непасрэдны вынік, нарадзілася сусьветная місійная арганізацыя, якая засяроджаная на дасягненьні глабальнай моладзевай культуры.
У 2010 годзе Steiger набыў былы камуністычны сельскагаспадарчы цэнтр у мястэчку Крогіс ва ўсходняй Нямеччыне. Аб’ект быў ператвораны ў Міжнародны цэнтр Steiger, стаўшы домам для Школы місій Steiger.
Сёньня Steiger International працуе больш чым у 120 гарадах па ўсім сьвеце.

Ва Ўсходняй Эўропе служэньне Steiger знайшло шмат прыхільнікаў ва Ўкраіне. Steiger Union — гэта міжнародная місія Steiger, прадстаўленая ў рускамоўных краінах. Місія працуе ва Ўкраіне, Расіі, Беларусі, Казахстане і Латвіі.
Дырэктарка Steiger Ukraine Анжэла Ткачэнка дзеліцца сваім бачаньнем:
“Моладзь усяго сьвету з аднолькавымі каштоўнасьцямі і перавагамі аб’ядноўваецца праз інтэрнет. На жаль, на сёньняшні дзень такая культура практычна не ведае Хрыста. Гэтыя людзі і зьяўляюцца нашай мэтавай аўдыторыяй. Мы прапаведуем Эвангельле па-за сценамі цэркваў і дасягаем тых, хто наўрад ці некалі пайшоў бы ў царкву. Мы выкарыстоўваем для гэтага разнастайныя метады: творчасьць, музыку, прыдумляем розныя праекты. Ідзем туды, дзе ёсьць моладзь: у іх клюбы, на фэстывалі, вуліцы, і гаворым з імі пра Хрыста. Мы даносім Эвангельле зразумелай і даступнай мовай, не мяняючы каштоўнасьцяў і цэласнасьці пасланьня.»

Адным з даволі цікавых праектаў Steiger Union стала зьяўленьне музычнага гурта Steiger Worship. У 2017 годзе яны выпусьцілі свой першы альбом “Глубже”, а ў 2020 свет пабачыў першы студыйны альбом “Твоими глазами”. У гэтым альбоме пяць трэкаў, чатыры з якіх — аўтарскія.
Каманда Steiger Worship сабрала творчую моладзь з Украіны, Беларусі, Казахстана і Латвіі, каб разам у супольнасьці рэалізаваць сваё жаданьне эвангелізаваць праз музыку. Цікава адзначыць, што два сьпевы з альбома нарадзіліся проста падчас малітвы і хвалы, калі каманда рыхтавалася да запісу.
«Мы запісалі праект «Твоими глазами» з адным жаданьнем — перадаць узрушальную атмасфэру пакланеньня Госпаду разам з моладзьдзю, а таксама, у надзеі пабачыць, як падымаюцца прыхільнікі і музыкі, якія нясуць сэрца Айца ў гэтае пакланеньне.»
Steiger Worship