Беларускае Праслаўленьне

Oh Happy Day

«Oh Happy Day» атрымаў прэмію «Грэмі» ў 1970 годзе за найлепшае выкананьне госпэлу. Ён стаў міжнародным гітом у 1969 годзе, дасягнуўшы № 4 у чарце сынглаў ЗША, № 1 у Францыі, Нямеччыне і Нідэрландах і № 2 у чарце сынглаў Канады, чарце сынглаў Вялікабрытаніі і чарце сынглаў Ірляндыі. З таго часу «Oh Happy Day» стаў стандартам госпэлу. Было прададзена больш за 7 мільёнаў копій па ўсім сьвеце, што зрабіла яго другім самым прадаваным госпэл сьпевам усіх часоў.

Эдвін Хокінс

Нягледзячы на сваю папулярнасьць (а можа менавіта з гэтай прычыны), сьпеў ня быў агульнапрыняты сярод хрысьціянскіх цэркваў, бо яго лічылі занадта сьвецкім , хоць ён і нясе хрысьціянскае пасланьне. Эдвін Хокінс (аўтар аранжыроўкі) камэнтаваў гэта так:

«Мы прапаведуем, і Біблія вучыць несьці Эвангельле па ўсім сьвеце… чаму мы ня можам рабіць гэта пры дапамозе нашай музыкі. . .»

У траўні 1967 года Эдвін Хокінс сабраў моладзевы хор, які складаўся пераважна са сьпевакоў з цэркваў COGIC, і назваў яго Моладзевым хорам штата Паўночная Каліфорнія. Крыху больш чым за год калектыў набыў пэўную вядомасьць, зьявіўшыся на тэлебачаньні і выступіўшы на некалькіх канцэртах і служэньнях у цэрквах. Гурт заключыў кантракт з Century Records, і ў чэрвені 1968 года яны сабраліся ў царкве ў Берклі, Каліфорнія, каб запісаць свой першы альбом, які цалкам складаўся з новых сьпеваў і аранжыровак Хокінса.

Моладзевы хор штата Паўночная Каліфорнія

Было заўважна, што Хокінс выхоўваўся на старых гімнах, таму што тры сьпевы з альбома былі новымі аранжыроўкамі клясычных твораў у тым ліку «O happy day that fixed my choice» Філіпа Додрыджа.

Пазней Хокінс так казаў у інтэрв’ю:

«Мая маці мела стары зборнік гімнаў, а я меў здольнасьць да іх аранжыроўкі».

Хокінс зусім не зьбіраўся займацца музычным бізнесам, бо вывучаў дызайн інтэр’еру ў коледжы. Але  некалькі ды-джэяў на ўзьбярэжжы пачалі круціць «Oh Happy Day», і сьпеў стаў гітом.

Аднак вернемся да арыгінала.

Тэкст гімна «O Happy Day» быў напісаны Філіпам Додрыджам (1702-1751), ангельскім сьвятаром. Бацькі Додрыджа жылі ў Лёндане. Філіп быў адным з дваццаці дзяцей. Калі ён нарадзіўся, яго палічылі мёртвым, але Госпад вярнуў яго да жыцьця. 

Додрыдж стаў плённым пісьменьнікам і аўтарам гімнаў. Самым вядомым яго празаічным творам стаў «Уздым і развіцьцё рэлігіі ў душы», напісаны ў 1745 годзе і прысвечаны Ісааку Уотсу. Гэтая праца была шырока перавыдадзеная, і кажуць, што вядучы ангельскі аболіцыяніст Уільям Уілберфорс пачаў свой шлях да навяртаньня менавіта пасьля яе прачытаньня.

А самы вядомы ягоны гімн «O Happy Day, That Fixed My Choice» каралева Вікторыя абрала для выкананьня падчас канфірмацыі адной са сваіх дачок.

Філіп Додрыдж

Асаблівасьць гэтага гімна ў тым, што музыка куплетаў і прысьпеву паходзіць з дзьвюх розных крыніцаў. Мэлёдыя куплетаў называецца O Happy Day і, верагодна, была напісаная Эдвардам Рэмбо (1816-1876). Прысьпеў жа ўзяты, кажуць, з Сьвяшчэннай арфы Уэсьлі 1854 года.

Цікава таксама, што гімн «O Happy Day, That Fixed My Choice» стаўся адлюстраваньнем гісторыі адносінаў самаго Філіпа Додрыджа з Богам і першапачаткова меў іншую назву: «Rejoicing in our Covenant. Engagement with God» («Радуючыся нашаму запавету. Узаемадзеяньне з Богам»). Гэта было зьвязана з тым, што, калі Додрыдж быў маленькім хлопчыкам, ён заключыў запавет з Богам і запісаў свае абяцаньні Яму, а потым пераглядаў запісы кожны год і прасіў у Бога прабачэньня за тое, што не выконваў яго так верна, як хацеў.

Калі Додрыдж паміраў ад сухотаў ва ўзросце сарака дзевяці гадоў, яго жонка ўбачыла, як варушацца ягоныя вусны, і спытала, ці трэба яму што-небудзь.

«Не, — адказаў ён, — я толькі аднаўляю свой запавет з Богам»

Тэкст сьпева «Шчасьлівы дзень» і выкананьне па-беларуску

Глядзіце таксама: