My Hope Is Built (The Solid Rock)
Аўтар сьпева – Эдвард Моўт (Edward Mote) (1797-1874) – той рэдкі выпадак у ХІХ ст., калі чалавек з няверуючай сям’і, які ня меў рэлігійнай адукацыі, стаў вядомым служыцелем і аўтарам многіх гімнаў.
Эдвард Моўт нарадзіўся ў Лёндане, яго бацькі трымалі паб, а хлопчыка аддалі ў навучаньне да сталяра. Сам ён так выказваўся пра сваё дзяцінства:
«Я быў настолькі недасьведчаным, што ня ведаў пра існаваньне Бога. Мае нядзелі праходзілі на вуліцах (Лондана) у гульнях».
Аднак ва ўзросьце 15 гадоў ён пачуў пропаведзь Джона Хаята і паверыў у Бога. Пазьней ён стаў служыцелем у баптысцкай царкве, а ва ўзросьце 55 гадоў панёс пастарскае служэньне. Акрамя таго ён адкрыў пасьпяховую сталярную майстэрню ў Холбарне.
Аднак найвялікшым яго захапленьнем былі гімны. Ён настолькі любіў іх сьпяваць, што сам пачаў пісаць тэксты. Моўт напісаў іх больш за 100, аднак найбольш вядомым стаў менавіта My Hope Is Built.
«Аднойчы раніцай, калі я ішоў на працу, мне прыйшло ў галаву напісаць гімн на тэму “Добры досьвед хрысьціяніна”. Калі я даехаў да Холбарна, у мяне ўжо быў прысьпеў:
Хрыстос – скала, на Ім стаю,
Усё астатняе з пяску.
У той дзень я напісаў чатыры слупкі…».
У бліжэйшую да гэтага дня нядзелю сябра Эдварда Моўта папрасіў яго наведаць сваю цяжка хворую жонку, каб разам памаліцца. Калі яны прыйшлі ў дом, сябра стаў шукаць сьпеўнік, бо згодна з іх сямейнай традыцыяй (у Дзень Госпада яны заўсёды спявалі сьпеў праслаўленьня, чыталі Слова і маліліся разам) не хацеў пачынаць малітву бяз сьпеву. Аднак сьпеўнік не знаходзіўся, і Эдвард намацаўшы ў кішэні аркуш з нядаўна напісанымі радкамі, прапанаваў прыяцелю засьпяваць новы гімн. Сьпеў настолькі спадабаўся хворай жанчыне і падбадзёрыў яе, што яна папрасіла пакінуць ёй копію тэксту.
Так адбылася прэм’ера гімну «Адну надзею маю я» My Hope Is Built. А Моўт так натхніўся, што, вярнуўшыся дадому, дапісаў яшчэ два слупкі.
Мяркуецца, што тэкст сьпеву зьявіўся ў 1834 годзе. А ўпершыню надрукаваны быў самім аўтарам у зборніку са 100 ягоных гімнаў у 1837 годзе, праўда, пад іншай назвай.
А вось вядомая нам сёньня мэлёдыя зьявілася ў Злучаных штатах у 1863 годзе, напісаная кампазытарам Уільямам Брэдбуры (William Bradbury) (1816-1868).
З цягам часу тэкст гімну крыху быў зьменены, але ня сутнасна. Памяць жа пра Эдварда Моўта застанецца ў пакаленьнях, таму што аднойчы ён знайшоў час, каб напісаць просты сьпеў праслаўленьня.
Тэкст сьпева «Адну надзею маю я»
Глядзіце таксама: Nothing but the Blood of Jesus