Беларускае Праслаўленьне

Angels We Have Heard on High

Традыцыйна пачатак стварэньня сусьветна вядомага гімна адносяць да ХІХ ст. У 1842 годзе ён упершыню зьявіўся ў друку ў французскім зборніку гімнаў пад назвай «Les Anges dans nos campagnes» (калі даслоўна – «Анёлы ў нашай вёсцы»). Аднак відавочна, што яго гісторыя больш раньняя. Верагодна ён узьнік недзе ў XVIII ст. Аўтар, аднак, да гэтага часу застаецца невядомым. Таму гімн «Les Anges dans nos campagnes» (альбо «Gloria») прынята лічыць традыцыйнай народнай французскай калядкай .

Гэты прыгожы гімн найбольш вядомы па сваім рэфрэне «Gloria in excelsis Deo!», дзе літара «о» ў слове «gloria» раскладаецца ажно на 16 нот. Пералівы гэтага расьпеву надаюць гімну ўзьнёсласьці і ўрачыстасьці.

Існуе прыгожая легенда, што ў сярэднія вякі пастухі Лангедоку (паўднёвая Францыя) нібы мелі такі звычай: у калядную ноч перагукацца паміж сабой менавіта гэтым расьпевам «Gloria in excelsis Deo!». Так яны трымалі сувязь, віталі адзін аднога і віншавалі з Нараджэньнем Ісуса Хрыста. Уявіце, як гэтая пераклічка гучала на ўзгорыстых прасторах… нібы сапраўдны хор анёлаў. Неверагодна!

Іншая легенда адносіць нас у далёкі 129 год да часоў папы Рымскага Тэлесфора. Паводле гэтай легенды менавіта гэты папа запачаткаваў сьпяваньне словаў «Gloria in excelsis Deo!» (дакладная цытата з Бібліі, з Эвангельля паводле Лукі 2:14) у якасьці гімна падчас начнога чуваньня перад Раством.

James Chadwik

Легенды легендамі, а рэфрэн гэты, дарэчы, набыў яшчэ большую папулярнасьць, чым сам сьпеў, і сёньня яго можна пачуць як аздобу да многіх сьпеваў ці музычных кампазыцый.

Аднак, вернемся да больш звыклага нам ангельскага варыянта «Angels We Have Heard on High». Ён зьявіўся ў друку ў 1862 годзе. Адвольны пераклад з французскай зрабіў каталіцкі біскуп Ньюкасла (паўночны ўсход Англіі) Джэймс Хардвік (James Chadwik).

Апрацоўку вядомай нам сёньня мэлёдыі зрабіў  Эдвард Шыпен Барнс (Edward Shippen Barnes) у пачатку 1900-х.

Edward Shippen Barnes

Сёньня гэты гімн можна пачуць на розных мовах у шматлікіх варыяцыях і перапрацоўках.

На нашым жа сайце вас чакае беларускі варыянт «Слава на вышынях Богу».

Слухайце, сьпявайце, сьвяткуйце Божае Нараджэньне!

Глядзіце таксама: «Анёл ад Бога Габрыэль»