Tis so sweet to trust in Jesus
Многія ведаюць гэты сьпеў, ці хаця б чулі аднойчы. Аднак, няшмат хто ведае, якая трагічная і, разам з тым, велічная гісторыя стаіць за ім.
Пакліканьне, амбіцыі і няспраўджаныя мары.
Пачатак гісторыі ляжыць у далёкім 1850 годзе ў Ангельшчыне, дзе нарадзілася Луіза Стэд (Louisa M.R. Stead). Дзяўчына яшчэ падлеткам адчула моцнае жаданьне быць місіянэрам.
У 21 год яна імігравала ў Злучаныя Штаты і часова пасялілася ў Цынцынаці, штат Агаё. А падчас наведваньня летніка (Урбана, Агаё) Луіза яшчэ мацней адчула пакліканьне стаць місіянэрам у Кітаі. Аднак яе плянам перашкаджала слабое здароўе.
Трагедыя, што натхніла на несьмяротны гімн.
Луізе Стэд было 25, калі яна шчасьліва выйшла замуж. Яны з мужам пераехалі ў Нью Ёрк, дзе ў іх нарадзілася дачка Лілі.
Аднойчы, Лілі тады было каля 4 гадоў, яны ўсёй сям’ёй выправіліся на пікнік на Брайтан Біч. Яны весела бавіліся на беразе акіяна, калі пачулі крыкі па дапамогу. Хлопчыка прылівам зацягнула ў ваду. Муж Луізы не раздумваючы кінуўся на дапамогу. Аднак адбылася страшная трагедыя. Абодва, мужчына і хлопчык, патанулі на вачах у Луізы і Лілі, якія бездапаможна назіралі за лёсам іх мужа і бацькі. Сьвет абедзьвюх проста абрынуўся…
Невымоўнае гора ахапіла маладую жанчыну, аднак яна знайшла ў сабе сілы вярнуцца да адзінага, што было нязьменным у ейным жыцьці – Ісуса Хрыста. Толькі Госпад дапамог ёй самой не патануць у моры смутку і адчаю.
Маяк надзеі.
Луіза Стэд малілася і плакала. Падчас такіх чуваньняў і нарадзіліся радкі прысьпеву легендарнага гімна:
Tis so sweet to trust in Jesus,
Just to take Him at His word;
Just to rest upon His promise,
And to know, ‘Thus saith the Lord.
Давяраю я Ісусу!
Верны Госпад Ён заўжды.
О, Ісусе, Ты мой Збаўца!
Па Тваіх шляхах вядзі.
Гэтымі словамі Луіза вызнала сваю поўную залежнасьць і ўпакоранасьць перад Божай воляй і Ягонымі абяцаньнямі, што праводзілі яе праз усе выпрабаваньні. Гімн стаў маяком надзеі для маці і дачкі, дзякуючы якому яны змаглі пераадолець сваё гора.
Песьня трыюмфу.
Тэкст паклаў на музыку Уільям Дж. Кірпатрык, аўтар мэтадысцкіх эвангельскіх гімнаў, які выдаў больш за шэсцьдзясят гімнаў. А ў 1882 годзе гімн «Tis So Sweet to Trust in Jesus» быў апублікаваны ў зборніку “Песьні трыюмфу”.
Яго ўплывовасьць відавочная ўжо праз тое, што гэты сьпеў і сёньня сьпяваюць у розных краінах на розных мовах.
Сьпеў «Tis So Sweet to Trust in Jesus» ёсьць для нас сьведчаньнем непахіснай веры падчас нягодаў і служыць напамінам пра тое, што мы ніколі не застаемся самотныя, калі давяраем нашаму любячаму Збаўцу.
Калі сёньня будзеце сьпяваць ці слухаць гэты цудоўны гімн, няхай вас агорне сіла і суцяшэньне ад Госпада, які моцна вас любіць і пранясе вас праз любую жыцьцёвую буру.
На нашым сайце вы знойдзеце гэты сьпеў у перакладзе на беларускую мову «Добра верыць Ісусу»
Глядзіце таксама: «Божа, бліжэй да Цябе»