Щедрик / Carol of The Bells
А вы ведалі, што адзін з самых вядомых у сьвеце калядных сьпеваў “Carol of the bells” насамрэч зьяўляецца каверам на ўкраінскі народны сьпеў “Щедрик”?
Невядома, калі зьявіўся так папулярны сёньня матыў, але некаторыя музыказнаўцы далучаюць яго да найстарэйшых мэлёдыяў сьвету.
І вось у пачатку 20 стагодзьдзя “Щедрик” атрымаў новае дыханьне.
А гісторыя папулярнасьці пачалася з таго, што…
13 сьнежня (па старым стылі) 1877 году ў в. Манастырок (Віньніччына) нарадзіўся Мікола Леантовіч. У пэўны час перад ім паўстае пытаньне жыцьцёвага шляху (дарэчы, у ягоным родзе практычна ўсе былі ці сьвятарамі, ці музыкамі) і напачатку ён абірае духоўную сэмінірыю, але пасьля схіляецца да настаўніцтва і становіцца выкладчыкам сьпеваў у духоўнай вучэльні, а таксама кіруе хорам.
Праз нейкі час яму бракуе сьпеваў для рэпэртуару і ён пачынае займацца апрацоўкай народнай спадчыны. Пры гэтым прабел у музычнай адукацыі яму дапамагаюць закрыць урокі вядомага музыкі Баляслава Яворскага.
У 1904 г. яму трапляецца “Щедрик”, які нягледзячы на сваю нібы прастату (чатыры ноты, што ўвесь час паўтараюцца) захапляе яго настолькі, што шмат гадоў ён аддае на яго апрацоўку. На выніку ён стварыў аж 5 варыянтаў. А ў 1916 годзе адбылася прэм’ера “Щедрика” ў выкананьні хору Кіеўскага ўнівэрсытэту. Сьпеў адразу стаўся сэнсацыяй.
У 1918 годзе, калі Ўкраінская Народная Рэспубліка абвяшчае незалежнасьць, утвараецца капэла пад кіраўніцтвам Аляксандра Кошыца для прэзэнтацыі Ўкраіны за мяжой.
Так “Щедрик” выправіўся ў турнэ ў рэпэртуары капэлы.
У 1919-1924 гадах капэла дае канцэрты ў ледзьве не 20 краінах сьвету: Чэхаславакіі, Аўстрыі, Швайцарыі, Францыі, Нідэрляндах, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Нямеччыне, Гішпаніі, ЗША, Канадзе, Мэксыцы, Аргентыне, Уругваі, Бразыліі ды Кубе.
Выступы (а было іх каля 600 ледзь не ў 200 гарадах) праходзілі з вялікім посьпехам. А “Щедрик” проста заварожваў слухачоў.
Але найбольшую папулярнасьць хор Кошыца набыў пасьля канцэрту ў Карнэгі-Хол у Нью-Ёрку. Ужо сам факт такога выступу, лічыце, узнагарода і ўсеагульнае прызнаньне.
На жаль, сам Мікола Леантовіч да гэтага трыюмфу не дажыў. У ноч з 22 на 23 студзеня 1921 году кампазытар быў забіты ў доме свайго бацькі ў вёсцы Маркоўка.
Як жа атрымалася, што ўкраінскі народны “Щедрик” стаўся сусьветна вядомым калядным гімнам “Carol of the bells”?
Гэта адбылося ў 1936 годзе, калі амэрыканскі кампазытар, аўтар тэкстаў, дырыжор ды аранжыроўшчык (украінскага паходжаньня) Пётра Вільгоўскі стварыў для сымфанічнага аркестру радыё NBC ангельскую вэрсыю сьпеву. Мэлёдыя “Щедрика” нагадвала яму перазвон званочкаў – адсюль такая назва і зьмест “Carol of the bells” ці “Калядка званочкаў”. Новы твор публікуюць у выдавецтве Carl Fischer, дзе аўтарам музыкі пазначаюць Міколу Леантовіча.
Дарэчы, існуе і амаль даслоўны пераклад на ангельскую, створаны яшчэ ў 1933 годзе Максам Кронам The Bluebirds. Ён, аднак, не набыў шырокай вядомасьці.
У лістападзе 2016 году да 100-годзьдзя першага выкананьня «Щедрика» прайшоў флэшмоб #щедрик100challenge, падчас якога дзясяткі выканаўцаў з розных краінаў апублікавалі свае запісы «Щедрика». У сьнежні таго ж году да яго далучыўся ўкраінскі #SingWithUkraine.
А ў кастрычніку 2022 году адзначалі 100-годзьдзе прэм’еры «Щедрика» у ЗША. З гэтай нагоды арганізавалі шматлікія культурніцкія праэкты. Зьявілася нават прапанова назваць адну з вуліц у Нью-Ёрку імем Міколы Леантовіча – аўтара найпапулярнейшага ў ЗША каляднага гіта.
На нашым сайце вы знойдзеце і беларускую вэрсію сьпеву.
Тэкст сьпева «Чуеш гучыць звон уначы»
З Раством!
Глядзіце таксама: O come, O come, Emmanuel