Беларускае Праслаўленьне

«Go Down Moses» (Let My people go)

Гэты сапраўды пасьпяховы і папулярны сьпеў, быў вельмі вядомым у пэўных колах яшчэ ў ХІХ ст.

Няма ніякіх зьвестак пра тое, хто яго напісаў, але хутчэй за ўсё гэта была калектыўная праца. Словы вельмі блізка пераказваюць гісторыю выхаду ізраільскага народу з Эгіпту, апісаную ў Бібліі, у кнізе Выхаду, 8 разьдзеле.

А ўзьнік сьпеў, як мяркуецца, яшчэ на мяжы XVIII-XIX стст. у асяродзьдзі чарнаскурых рабоў, што жылі на Поўдні Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Амэрыканскім нявольнікам была вельмі блізкая тэма вызваленьня ізраільцянаў з рабства. Усе яны былі веруючымі, таму маліліся і чакалі, што Госпад і іх выведзе з гэтай няволі. А сьпевы, што яны сьпявалі ў царкве, за працай, ці проста ў вольную хвілінку, так званыя “сьпірычуэлс”  (ад spiritual – духоўны), дапамагалі ім не губляць надзею.

Гэтыя сьпевы звычайна сьпяваліся так: адзін запявае, астатнія падхопліваюць. Такая форма захавалася і ў сучасным варыянце.

Аднак у тыя часы тэкст «Go Down Moses» троху адрозьніваўся па тэксьце і быў разы ў тры даўжэйшым.

У розных публікацыях ХІХ ст. тэкст некалькі разоў зьмяншаўся. Але сучасны памер атрымаў у 1930-я гады ад рукі… не, зноў жа не Армстронга, а яго блізкага сябра Пола Робсана. Яго выкананьне адрозьніваецца глыбінёй і сапраўдным прарочым напорам. Ён казаў:

Мой народ у марах пра лепшую будучыню стварыў сотні сьпеваў… цяпер я сьпевамі буду змагацца за тое, что лічу за сьвятую справу свайго жыцьця…

Але сусьветнае прызнаньне ён атрымаў у 1958 годзе, калі яго аранжыраваў і выканаў Луіс Армстронг. У яго руках “сьпірычуэлс”  ператварыўся ў сапраўдную клясыку джазу.

І хоць на сёньняшні дзень існуе безьліч кавэр-вэрсіяў у тым ліку і па-беларуску, «Go Down Moses» нязьменна асацыюецца з хрыплым голасам і сола на трубе. 

Глядзіце таксама: «Пэўны ў Ісусе»