Пэўны ў Ісусе (Blessed assurance)
“Бо для мяне жыцьцё – Хрыстос, і сьмерць – набытак” (Філіпянаў 1:21)

Фані Кросбі – паэтка, якая пачала пісаць з шасьці гадоў. Праз яе талент нарадзілася больш за 8000 гімнаў праслаўленьня.

Фрэнсіс Джэйн (Фані) Кросбі
Фрэнсіс Джэйн (Фані) Кросбі (1820-1915) – прыклад нязломнасьці і нястомнага служэньня Госпаду. Яна сасьлепла, калі ёй было ўсяго 6 тыдняў. У 15 паступіла ў Інстытут для сьляпых, а з 22-х пачала там выкладаць рыторыку і гісторыю. Была замужам за Аляксандрам ван Ольштынам, музыкам, які, як і жонка, захапляўся літаратурай.
Аднойчы Фані Кросбі прыйшла ў госьці да Фобі Нэп (Phoebe Knapp), у якой у доме быў усталяваны арган. Фані даволі часта пісала гімны на музыку таленавітай сяброўкі. Арган ня быў да канца наладжаны і Фобі сыграла нядаўна напісаную ёй мэлёдыю на піяніна, запытаўшы, з якімі словамі асацыюецца яна ў Фані.

Фобі Нэп
“Пэўны ў Ісусе, веру Ён мой (Blessed assurance; Jesus is mine),” – адказала сьляпая паэтка вызначыўшы тым самым назву і першы радок будучага гімна.
Сьпеў стаўся адлюстраваньнем шляху да Хрыста самой Фані Кросбі, а радкі зьявіліся пад натхненьнем Слова Божага з Філіпянаў 1:21.
Папулярнасьць сьпеў пачаў набываць пасьля таго як быў надрукаваны разам з нотамі ў 1873 г. сям’ёй Нэпаў. Для жанчыны на той час няпроста было шырока сьведчыць. Фані ж дзялілася сваёй верай і адкрыцьцём ад Бога праз свае сьпевы, якія сягалі далёка за межы яе роднага Нью-Ёрку і нават Злучаных Штатаў і станавіліся ўласным адкрыцьцём для многіх людзей.
Сёньня прапануем вам разам з намі перажыць абнаўленьне і атрымаць пэўнасьць у Ісусе.
Тэкст сьпева: «Пэўны ў Ісусе»