Магутны Божа: духоўны гімн беларусаў
Гімн «Магутны Божа» створаны на падставе верша «Малітва» Натальлі Арсеньневай, а на музыку пакладзены ў 1947 годзе кампазытарам Міколам Равенскім.
Натальля Арсеньнева напісала «Малітву» у Менску падчас Другой сусьветнай вайны. Пасьля, у 1944 годзе, яна выехала ў эміграцыю. Была вядомай культурнай дзяячкай сярод беларускай дыяспары. А гімн распаўсюджваўся там, дзе былі беларусы. Набажэнсты ў беларускіх цэрквах Амэрыкі, Англіі, Аўстраліі дагэтуль скончваюцца выкананьнем «Магутны Божа». Таксама ён вядомы як духоўны гімн і сярод цэркваў і касьцёлаў Беларусі. У 1995 годзе быў абраны адзіным кандыдатам на дзяржаўны гімн камісіяй, якую ўзначальваў Народны паэт Ніл Гілевіч.
Жыцьцё самой аўтаркі мае цікавы эпізод, які нагадвае нам пра стойкасьць беларусаў і беларусак. У 1939 бальшавікі затрымалі яе мужа. Натальля пехатою з Вільні ішла да лягера, дзе ён утрымліваўся, і па дарозе была затрыманыя супрацоўнікамі НКУС. Пасьля 5 сутак арышту яе адпусьцілі. Праз год у маскоўскай Лубянцы яе прымушалі падпісаць развод са сваім мужам, «палітычным вязьням», але яна не згадзілася.
Натальля Арсеньнева
Тэкст гімна:
Магутны Божа! Ўладар сусьветаў,
Вялiкiх сонцаў i сэрц малых!
Над Беларусяй, цiхай i ветлай,
Рассып праменьне свае хвалы.
Дай спор ў працы, будзённай, шэрай,
На хлеб штодзённы, на родны край,
Павагу, сiлу i велiч веры
У нашу праўду, у прышласьць – дай!
Дай урадлiвасьць жытнёвым нiвам,
Учынкам нашым пашлi ўмалот!
Зрабi свабоднай, зрабi шчасьлiвай
Краiну нашу i наш народ!
Сёлета гімн Натальлі Арсеньневай і Міколы Равенскага лунае над самымі рознымі месцамі ў Менску, ад гандлёвых цэнтраў да мэтро. Ён нагадвае нам пра Магутнага Бога, які зробіць свабоднай і шчасьлівай нашую Беларусь і наш народ.
Глядзіце таксама: «Будзь маім зрокам»