Беларускае Праслаўленьне

Гісторыя аднаго з самых старажытных хрысьціянскіх гімнаў

Гісторыя сьпеву павязана з Ірляндыяй 6-8 стагоддзяў. Аўтарства першай вэрсіі тэксту прыпісваецца пасьлядоўніку Сьвятого Калумба, кельцкаму манаху Далану-Фаргайлу, які частку жыцьця быў сьляпым. Тэкст непасрэдна зьвязаны з ірляндзкай культурай і жанрам «лорыка», ад лац. даспехі, панцыр. «Лорыкамі» называліся сьпевы, у якіх гучала маленьне аб абароне, і  таксама зьмест перагукаецца з апісаньнем Божага ваяра ў 6-м разьдзеле Пасланьня да Эфэсцаў: «Дык станьце (…) апрануўшы панцыр праведнасьці». Адна з найбольш вядомых лорык належыць Сьвятому Патрыку. У «Будзь маім зрокам» згадваецца:

Будзь маім мечам і моцным шчытом,
Ты мне ў змаганьні надзейны шалом!

«Лорыкі» былі распаўсюджаныя сярод сярэднявечных сьпеваў заходніх манахаў. У межах жанру ў сьпеве таксама паўставалі гераічныя вобразы: Бог — Магутны Цар (aнгел. King — Кароль), які абараняе народ.

Што б ні было ў жыцьці, навек Ты мой Цар.
Будзь маім зрокам, магутны Ўладар!

Поўная вэрсія тэксту на беларускай мове

Арыгінальны верш быў знойдзены толькі праз паўтары тысячы год сярод старажытных рукапісаў у Ірляндзскай каралеўскай акадэміі і можа быць датаваны 8 стагодзьдзем. Каб дайсьці да нас, тэкст прайшоў доўгі шлях. Першапачаткова ён быў напісаны старажытнаірляндзкай мовай і назва гучала як «Rop tú mo baile». На ангельскую мову ўпершыню тэкст быў перакладзены вучонай Мэрі Бірні і апублікаваны ў 1905 годзе у часопісе Eriú, выданьні Школы вывучэньня ірляндзкай мовы. Найбольш вядомы пераклад належыць Элінору Халлу, прэзыдэнтцы Ірляндзкай літаратурнай супольнасьці, які быў апублікаваны ў 1912 годзе.

Мэлёдыя для сьпеву была ўзята не з літургічнай крыніцы, а са зборніка старых ірляндзкіх народных твораў. Як пішуць дасьледчыкі, большасьць хрысьціянскіх ірляндзкіх гімнаў стваралася на падставе традыцыйных мэлёдый, не зьвязаных з літургіяй. Для сьпеву «Rop tú mo baile» была выкарастаная мэлёдыя «Slane».

Гісторыя назвы мэлёдыі — «Slane» — таксама надзвычайная. Назва паходзіць ад мясцовасьці Слэйн-Хіл, дзе ў 433 г. быў місіянэрам Сьвяты Патрык. Напярэдадне Вялікадня кароль Логер забараніў запальваць які-кольвек агонь, пакуль ён ня дасьць знак пра пачатак паганскага сьвята вясны. Але Сьвяты Патрык не паслухаўся загаду і ў гонар Вялікадня запаліў агонь на высокай гары. Гэты ўчынак быў сымбалем сьвятла, якое прыносіць з сабой уваскрасеньне Хрыста.

Святы Патрык

Сьпеў «Будзь маім зрокам» дайшоў да нас праз стагодзьдзі, быў узьняты з небыцьця і, сьпяваючы яго сёньня, мы можам згадаць старажытныя часы, калі нашыя браты і сёстры, як і мы, праходзілі праз выпрабаваньні і бачылі ў Богу сваю абарону і шчыт.

Глядзіце таксама: «Сябра вернага, Ісуса»