Мэсія - адзін з самых вядомых твораў Георга Фрыдрыха Гендэля
Сёньня прапануем узгадаць адзін з самых удалых і вядомых твораў Георга Фрыдрыха Гендэля – араторыю “Мэсія”.
І хоць яе часта называюць “Каляднай”, а выконваюць пад час адвэнту, сам Гендэль напісаў гэты твор менавіта на Пасху.
Што цікава, упершыню араторыя была выкананая ў Дубліне 12 красавіка 1742 г., а ў гэтым 2020 годзе сьвяткаваньне Пасхі (па новым стылі) прыпадае якраз на гэты ж дзень.
Супадзеньне?
“Мэсія” зьявіўся ў вельмі цяжкі для Гендэля пэрыяд. Яго папярэднія творы не карысталіся попытам з-за неспрыяльна настроенай у адносінах да кампазытара часткі арыстакратыі. Да таго ж даводзілася канкураваць з папулярнай у той час італійскай опэрай. Аднак твор хутка заваяваў прыхільнасьць слухачоў. Так, што перад паказамі нават публікаваліся рэкамэндацыі для жанчын не апранаць на канцэрты шырокія спадніцы, а мужчынам – шпагі, каб магло зьмясьціцца больш людзей.
Вяршыня араторыі і адно з самых знакамітых твораў кампазытара – хор “Алелюя”, які завяршае другую частку. Кампазыцыя настолькі моцная, што ў Англіі склалася традыцыя слухаць гэты хор толькі стоячы.
Музыка неверагодна моцна кранала і самога аўтара, яго хатнія сьведчылі, што пад час яе напісаньня ня раз засьпявалі Гендэля ў сьлязах.
Гэта, аднак ня значыць, што твор сумны. Увесь ён пранізаны радасьцю. Радасьцю пяшчотнай у частцы, дзе распавядаецца пра нараджэньне Ісуса і радасьцю трыюмфуючай, зьвязанай з перамогай Ісуса Хрыста над Сьмерцю.
Хрыстос у Гендэля не маўклівы пакутнік, але – герой і пераможца. “Ты паб’еш іх жалезным жазлом, патаўчэш іх, як посуд ганчарны» гучаць у творы словы з другога Псальма.
Гендэль вельмі любіў араторыю “Мэсія”, на дабрачынных паказах заўжды сам дырыжыраваў, нават калі зусім сасьлеп. На канцэртах ня рэдка сам выконваў партыю аргана. Апошні раз гэта адбылося за 8 дзён да ягонай сьмерці.
Пра сваю творчасьць Георг Фрыдрых Гендэль казаў так:
“Было б крыўдна прыносіць людзям толькі задавальненьне. Мая мэта – рабіць іх лепшымі”
Глядзіце таксама: «Цудоўна ласка»