Беларускае Праслаўленьне

Amazing Grace

Аўтар сусьветна вядомага гімну, Джон Ньютан, нарадзіўся ў 1725 годзе ў сям’і марака. Яго маці, вельмі пабожная жанчына, распавядала сыну пра Божую ласку і марыла, каб той стаў сьвятаром, але… яна памерла, калі Джону не было і 7-мі гадоў. Яе малітвам, аднак, наканавана было збыцца, але да гэтага Ньютана чакаў доўгі і пакутлівы шлях.

З 11-гадовага ўзросту хлопчык пачаў працаваць з бацькам на караблі, што перавозіў рабоў. Пазьней, у 23 гады, даслужыўся ўжо і да капітана. Матросам Джон Ньютан вёў распусны лад жыцьця: шмат піў, зласловіў, учыняў бойкі, так, што часам яго даводзілася ізаляваць, а аднойчы Джона нават пакінулі працаваць на плянтацыях. Нічога на яго не ўзьдзейнічала да таго памятнага дня…

«Той дзень, 10 сакавіка, вельмі знакавы для мяне, дзень, які я ніколі не забуду, стаў днём майго выратаваньня з вады», – пісаў Ньютан.

Так здарылася, што 9 сакавіка 1748 году карабель, на якім плыў Джон Ньютан, трапіў у жудасны шторм. А на наступны дзень, калі надзеі на выратаваньне ўжо не было, а карабель пачаў тануць, гэты гуляка ўпершыню ў жыцьці зьвярнуўся да Бога, і… адбыўся цуд. Неверагодным чынам карабельны груз перамясьціўся і цалкам закрыў дзіру ў труме. Карабель і каманда былі ўратаваныя. Джон зразумеў, што гэта быў знак ад Бога.

Канешне ён не адразу змог цалкам памяняць сваё жыцьцё, але пачаў разважаць пра тое, чаму Бог гэта зрабіў – выратаваў карабель па малітве такога апошняга грэшніка, як ён?

Праз два гады ён ажаніўся з дзяўчынай, якую даўно кахаў, а праз нейкі час кінуў і карабельную службу. А ў 1764 годзе стаў вікарыем у маленькім мястэчку Олні, дзе і напісаў да 280 вершаў-гімнаў, самым знакамітым з якіх стаў Amazing Grace (1772-1773), упершыню выдадзены ў 1779 годзе.

«Цудоўна Ласка» Божая не пераставала зьдзіўляць Джона Ньютана да канца жыцьця (ён пражыў 82 гады).

Ён любіў казаць сваім сябрам: «Мая памяць ужо здраджвае мне, але дзьве рэчы я памятаю дакладна: я – вялікі грэшнік, а Госпад – Вялікі Збаўца».

Нам невядомая першапачатковая мэлёдыя гімну. Існуюць розныя вэрсіі паходжаньня музыкі, але дакладна нам вядомая толькі назва мэлёдыі «Новая Брытанія», прыдуманая Уільямам Уолкерам і дапасаваная да верша ў выданьні 1835 году.

За апошнія гады выйшлі дзьве найбольш знакавыя пастановы з аднайменнай назвай: фільм пра змаганьне за адмену рабства (2006) і брадвейскі мюзікл па біяграфіі Джона Ньютана (2015).

Прапануем яшчэ раз паслухаць гімн і ўзгадаць тыя цуды, што Госпад рабіў у вашым жыцьці.

Тэкст сьпева: «Цудоўна ласка»

Глядзіце таксама: «Знайду надзею ў Хрысьце»