Спевы вязняў: "Не было месца Ісусу" - прэзэнтацыя вядомай польскай калядкі па-беларуску.
Гісторыя гэтага сьпеву зьвязана з невялікім горадам Новым Сончам на поўдні Польшчы і каталіцкім ордэнам езуітаў. У 1932 годзе айцец Матэуш Ежы напісаў сьпеў «Не было месца Ісусу», абапіраючыся на словы эвангеліста ў 2 разьдзеле Эвангельля паводле Лукі: «і нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і палажыла яго ў ясьлі, бо не было ім месца ў сьвятліцы». Пазьней, у 1938 годзе, айцец Юзаф Лась зрабіў апрацоўку для харавога выкананьня. Упершыню сьпеў загучаў у Новым Сончы на пачатку 1939 года. Яго выконваў хор гімназістаў з суседняга мястэчка Мельц у школьнай Капліцы для вучняў сярэдніх школ. Моладзі так спадабаўся сьпеў, што яны папрасілі навучыць іх мелодыі і тэксту, і такім чынам, дзякуючы маладым хлопцам і дзяўчатам, ён разнёсься па дамах і сем’ях у Новым Сончы. Дагэтуль, гэты сьпеў лічыцца «сандэцкаю калядкаю».
Разгарэўся час Другой сусьветнай вайны і ў верасьні нямецкія войскі акупавалі Новы Сонч. Вясною 1940 года шмат сандэцкіх гімназістаў патрапіла ў нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры. Нямала жыхароў горада, якія ўцякалі ў рэгіёны на ўсходзе Польшчы, пасля заканчэньня вайны былі высланыя савецкімі ўладамі ў гулагі. З сьведчаньняў вязьняў, менавіта сьпеў «Не было месца Ісуса» выконваўся ў лягерах і быў вельмі вядомы сярод вязьняў з Польшчы. Ён быў таксама, свайго роду, патрыятычным сьпевам: радкі «Nie było miejsca dla Ciebie (…) we własnym kraju, na swej ziemi — бел. Не было месца для Цябе ва ўласным краі, на сваёй зямлі» нагадваюць пра бесчалавечнасьць таталітарных рэжымаў, якія зьдзекуюцца над чалавекам і не даюць жыць свабодна на ўласнай зямлі.
У гэтыя тыдні перад Раством, прыгадайце, што нараджэньне Хрыста адбывалася не ў шыкоўным палацы, але ў хляве, дзе, мабыць, непрыемна пахнуў гной, не было зручнага ложку і мяккай пярынкі для немаўляці. І ў такіх цесных умовах у свет прыйшоў наш Госпад, каб збавіць гэты сьвет і даць надзею кожнаму, хто ня бачыць сьвятла і прагне пацяшэньня і прабачэньня.
Тэкст сьпева: «Ня мелі месца Ісусу»