"Рэквіем" – няскончаны твор Моцарта
У гарачы ліпеньскі дзень лета 1791 года да Моцарта прыйшоў чалавек у шэрым плашчы, які хацеў замовіць напісаньне рэквіема — жалобнай імшы. За выкананьне працы таямнічы замоўнік прапаноўваў немалыя грошы і ня ставіў тэрміну, калі твор мусіць быць напісаны. У выніку Моцарт даў згоду, але яго час паглынула напісаньне опэраў (сярод якіх была вядомая Чароўная флейта), таму да Рэквіема ён зьвярнуўся толькі ў лістападзе.
Праз гады стала вядома, хто быў сапраўдным замоўнікам. Гэты быў граф Франц фон Вальзегг, музычны аматар, які любіў музыку, але ня меў да яе таленту, таму ён замаўляў у іншых кампазытараў творы, а пасьля выконваў і прысвойваў іх сабе. Да Моцарта ён ніколі не звяртаўся, але калі памерла яго жонка, ён паслаў да Вольфганга незнаёмца, каб той замовіў у кампазытара жалобную месу, якую пасьля граф выканаў бы на памяць аб жонцы.
тытульны ліст клавіра Рэквіема
З лістоў Моцарта можна прасачыць, што зьяўленьне «шэрага чалавека», так дзіўна апранутага ў летнюю смагу, вельмі ўразіла яго: ён пісаў, што гэты чалавек перасьледуе яго. Нават, было сьведчаньне, што аднаго дня, сядаючы ў карэту, ён адчуў на плячы чыюсьці руку і, павярнуўшыся, убачыў таго самага чалавека, які запытаў: «Як справы з Рэквіемам?» Магчыма, гэтыя падзеі наклаліліся на цяжкую хваробу Моцарта: ён працаваў не пакладаючы рук і займеў вострую ліхаманку. Таксама, на жыцьцё не заўсёды хапала грошаў, яго творчасьць ня вельмі цанілі ў Вене. Але пры гэтым ён захоўваў у сабе ня толькі радасьць да жыцьця, але і бачыў суцяшэньне ў сьмерці. Вось што ён піша свайму бацьку Леапольду ў 1787 годзе:
«…сьмерць ёсьць сапраўдная канчатковая мэта нашага жыцьця. За апошнія два гады я так блізка пазнаёміўся з гэтым сапраўдным і лепшым сябрам чалавека, што вобраз сьмерці для мяне ня толькі не складае ў сабе нічога пужлівага, але, наадварот, дае нямала заспакаеньня і суцяшэньня! І я дзякую Богу за тое, што ён падараваў мне шчасьце зразумець сьмерць як крыніцу нашай сапраўднай асалоды — я ніколі не кладуся спаць, каб перад сном не падумаць, што можа быць (які б малады я ня быў) на наступны дзень я перастану існаваць».
Магчыма, Моцарт разумеў, што піша рэквіем па сабе: ён пісаў да апошняга дня жыцьця, 4 сьнежня, і, зрэшты, — не пасьпеў яго скончыць. Побач са страхам перад Страшным судом, у творы гучыць надзея на міласэрнасьць Вялікага Бога. Як і пісаў Вольфганг да бацькі — страх і шчасьце сьмерці.
Глядзіце таксама: «Эгіпет/Бог змагаецца за нас»