What a Friend We Have in Jesus
Сябра вернага, Ісуса
Як і многія вялікія творы, ён быў напісаны ў час вялікага душэўнага смутку і не прызначаўся для шырокага выкарыстаньня. Доўгі час пасьля таго як твор быў надрукаваны і набыў папулярнасьць не было нават вядома, хто аўтар.
Джозэф М. Скрывэн
Джозэф М. Скрывэн (1819-1886) паходзіў з Ірляндыі, дзе атрымаў добрую адукацыю і ступень бакаляўра ў Трыніці-каледжы. Пасьля заканчэньня навучаньня яшчэ зусім маладым чалавекам ён зьбіраўся ажаніцца з дзяўчынай, якую ведаў і кахаў з дзяцінства. Аднак за дзень да вясельля нявеста сьпяшалася на спатканьне да будучага мужа і, перапраўляючыся праз раку, упала з каня і патанула на вачах у Джозэфа, які нічога не мог зрабіць, каб выратаваць яе.
Скрывэн не знаходзіў сабе месца ад гора і не мог больш заставацца на Бацькаўшчыне. Таму ў 1945 годзе пераехаў у Канаду і праз некалькі гадоў пасяліўся ў Порт-Хоўп, дзе знайшоў суцяшэньне ў Ісусе Хрысьце і далучыўся да братоў мясцовай царквы.
Англіканская царква сьв.Марка ў Порт-Хоўп
Джозэф Скрывэн пачаў дапамагаць бедным і працаваць у школе, дзе пазнаёміўся з Элізай Рош. Маладыя людзі закахаліся і зьбіраліся ажаніцца. Аднак у жыцьцё Джозэфа ізноў прыйшла трагедыя. За два тыдні да вясельля нявеста захварэла на пнеўманію і неўзабаве памерла.
Другі раз паспытаўшы такую страту, Скрывэн зноў суцешыўся ў Госпадзе. Ён цалкам пачаў жыць для іншых людзей, імкнучыся як мага больш дакладна рабіць тое да чаго заклікаў Ісус у нагорнай пропаведзі. Ён дапамагаў бедным і хворым, дзяліўся вопраткай і ежай.
Джозэф не будзе на вас працаваць, калі ў вас ёсьць, чым заплаціць яму за працу, — казалі пра яго ў горадзе.
Новае выпрабаваньне спасьцігла Скрывэна праз 10 гадоў. Захварэла ягоная маці. Ён ня меў магчымасьці быць побач, бо яна жыла ў Ірляндыі, таму ён падзяліўся з ёй тым, што ў яго было. Верай у Ісуса.
Мы з Госпадам зрабілі гэта, — сказаў ён сябру, калі той пабачыў напісаны верш і запытаўся, хто аўтар.
Джозэф Скрывэн напісаў верш, каб падтрымаць сваю маці. З таго часу гэтыя словы падтрымліваюць, падымаюць, умацоўваюць, навяртаюць многія пакаленьні.
Можа мы сёньня маем шмат клопатаў, можа кагосьці адольвае скруха, аднак ёсьць Той, Хто ўзяў на Сябе нашыя немачы і панёс цяжары. Будзем шукаць суцяшэньне ў Госпадзе і суцяшаць тых, хто побач як рабіў гэта аўтар гімну What a Friend We Have in Jesus.
Вы можаце знайсьці гэты гімн па-беларуску на нашым сайце worship.by
Глядзіце таксама: «Ты ляці, думка»