You Raise Me Up
Падымеш Ты — адолею ўсе горы,
Падымеш Ты — праз штормы я прайду.
Маю моц, калі мне сілы дорыш.
Падымеш Ты, вышэй, чым быць магу.
Гісторыя сьпева Падымеш Ты (You raise me up) пачалася ў 2001 годзе, калі лідар і піяніст нарвэска-ірляндзкага інструмэнтальнага дуэта Secret Garden Ральф Лоўланд (Rolf Løvland) напісаў простую мэлёдыю, якую так і назваў Простая гісторыя. Кампазыцыю ўключылі ў альбом, але па словах аўтара:
“Вельмі хутка мы зразумелі, што гэта тая гісторыя, што патрабуе словаў”
Secret Garden
Дадаць у гісторыю словы Лоўланд папрасіў ірляндзкага раманіста і аўтара пасьпяховых сьпеваў Брэндана Грэхама. А вакальную партыю выканаў выдатны сьпявак Браян Кэнэдзі.
У такім выглядзе простую гісторыю, якая цяпер ужо мела назву You raise me up, падхапіла больш за 100 выканаўцаў і яна разьляцелася па сьвеце, натхняючы мільёны людзей.
Найбольшую ж вядомасьць і папулярнасьць сьпеў набыў пасьля таго, як яго пачаў выконваць Джош Гробан – вядомы амэрыканскі музыка, сьпявак, актор і фундатар многіх адукацыйных праектаў у сфэры мастацтва.
Сьпеў Падымеш Ты магутна перадае тэму Бога і вестку пра моц і сілу праз веру. Ён яскрава адлюстроўвае вызнаньне веры Джоша Гробана, які нарадзіўся ў веруючай англіканскай сям’і і па рэлігійных перакананьнях неяк адмовіўся ад прэстыжнага інтэрв’ю проста перад пачаткам, бо палічыў пытаньні несумяшчальнымі з ягонай верай.
У яго выкананьні гэты сьпеў гучыць як малітва. Можа таму, нягледзячы на розныя выказваньні наконт зьместу сьпеву, большасьць тых, хто слухае, успрымае яго як хрысьціянскі гімн пра тое, як вера ў Бога дапамагае падняцца ў любых абставінах.
Сёньня You raise me up можна пачуць у многіх цэрквах, у тым ліку і ў Беларусі. А ў вас ёсьць магчымасьць засьпяваць яго і па-беларуску. Словы можна знайсьці на нашым сайце https://worship.by/text-padymesh-ty-w/
Сьпеў увайшоў у новы альбом праслаўленьня Знакамітыя хрысьціянскія гімны, пра які мы пісалі раней. Хутка яго можна будзе пачуць у беларускім выкананьні.
Глядзіце таксама: «Я заўжды ў Гасподніх руках»