CityAlight
«Вы — сьвятло сьвету. Ня можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. Ніхто не запальвае сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзінай, але на сьвечніку, і яна сьвеціць усім, хто ёсьць у доме. Гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя справы і славілі Айца вашага, Які ў небе.
Мацьвея 5:14-16
CityAlight – гэта музычнае служэньне царквы ў Касл-Хіл, Сіднэй. Бачаньне CityAlight – ствараць сьпевы з біблійным тэкстам і простымі мэлёдыямі для царквы. У працы служэньня няма нічога асабліва наватарскага, унікальнага альбо моднага, але яно ўсё адно прыцягвае да сябе ўвагу і мае нямала прыхільнікаў сярод вернікаў.
Паводле статыстыкі, большасьць цэркваў ва ўсім сьвеце складаюць невялікія супольнасьці, да 100 вернікаў. На Радзіме CityAlight, Аўстраліі, сярэдняя колькасьць членаў цэркваў складае каля 70 чалавек. Звычайна, гэтыя цэрквы ня маюць вялікіх гуртоў праслаўленьня і складанага гукавога абсталяваньня. Гэта цэрквы з адной гітарай ці без гітары, з сынтэзатарам, бубнам і двума сьпевакамі – нешта падобнае. Менавіта такія невялікія цэрквы і ёсьць мэтавай аўдыторыяй CityAlight, якой яны хочуць даць простыя сьпевы.
На зямлі няма нічога падобнага да гуку царкоўнага сьпеву, вялікага ці малога, старажытнага ці сучаснага, майстэрскага ці не. Гук царкоўнага сьпеву папярэднічаў амаль кожнаму вялікаму адраджэньню ў гісторыі царквы. Царква зьяўляецца сьведкам і прадстаўніком Бога на зямлі. І ці варта зьдзіўляцца, што вялізная моц узьнімаецца, калі Божая царква сьпявае?
Служэньне CityAlight
Служэньне CityAlight існуе ўжо каля 10 гадоў. Але паўнавартасным гуртом не зьяўляецца. CityAlight складаецца з тых, хто адклікаецца, калі паступае запыт. Удзельнікі служэньня бачаць сябе часткай мясцовай царквы і перш за ўсё ствараюць сьпевы для сваіх людзей, а таксама моляцца, каб Бог дапамог данесьці іхнія сьпевы да любой іншай царквы, якой яны могуць дапамагчы.
Царква ў Касл-Хіл захоўвае вернасьць традыцыям англіканскай царквы і прытрымліваецца прынцыпаў Рэфармацыі, якія ёсьць вялікай і важнай хрысьціянскай спадчынай. Гэтая спадчына дае штуршок і натхненьне, каб ствараць сьпевы, якія даносяць да людзей Эвангельле і натхняюць ісьці за Хрыстом.
Сьпевы CityAlight ствараюцца такім чынам, каб любы чалавек меў магчымасьць іх сьпяваць без нейкай музычнай падрыхтоўкі, каб ён мог сканцэнтравацца на зьмесьце сьпева, а не на тэхніцы выкананьня. Мэлёдыі простыя і запамінальныя – гэта якраз тое, што робіць сьпевы CityAlight такімі цудоўнымі і непаўторнымі. Цікава, што стварэньне такіх простых сьпеваў – даволі доўгі і складаны працэс, сьведчаць удзельнікі служэньня.
У адным з інтэрвію з Рычардам Томпсанам і Джоні Робінсанам, лідарамі служэньня CityAlight, яны выказалі занепакоенасьць тым, што сёньня ў «індустрыі» царкоўнай музыкі існуе тэндэнцыя даволі хутка пісаць сьпевы. Пэўныя сьпевы патрабуюць часу і працы, перапрацоўкі, малітваў і разважаньняў, часам абмеркаваньня. Аўтар мусіць прысьвяціць час таму, каб укласьці глыбокую біблійную праўду ў некалькі радкоў сьпева. Ён – як і прапаведнік, перадае Божае слова, даносіць праўду Эвангельля да слухачоў. І гэта вельмі адказная місія. Напрыклад, сьпеў «Ужо ня я, а Хрыстос у-ва мне» быў напісаны цягам 12 тыдняў. Аўтары глыбока паглыбіліся ў разважаньне пра тое, што значыць Хрыстос жыве ў нас. Спатрэбіўся час, тэкст перапісваўся некалькі разоў. Па сьведчаньні лідараў CityAlight, гэта было пэўнае змаганьне, праз якое яны праходзілі.
Стаўленьне служэньня CityAlight да напісаньня тэкстаў – безумоўна, натхняльны прыклад таго, як важна заглыбляцца ў Божае Слова, ствараючы сьпевы, як важна канцэнтраваць сваю ўвагу на Хрысьце, займаючыся творчасьцю. Сьпевы CityAlight – напоўненыя радасьцю і натхненьнем, яны перадаюць глыбокае пасланьне. Яны адкрываюць нам хараство і ласку нашага Госпада і скіроўваюць нас да прыняцьця цудоўнай весткі Эвангельля.