Джэрэмі Рыдл

Джэрэмі Рыдл — аўтар сьпеваў і лідар праслаўленьня. Ён паходзіць з сям’і з 7 дзяцей і навучаўся дома на працягу ўсёй сярэдняй школы. Ён скончыў каледж Фулертан у Каліфорніі, атрымаўшы ступень бакаляўра паліталёгіі. Джэрэмі наведваў і пазьней служыў моладзевым пастарам у царкве Vineyard у горадзе Анахэйм. Рыдл жанаты, мае 5 дзяцей. У 2011 годзе Джэрэмі становіцца лідарам праслаўленьня ў царкве Bethel у Рэдынгу ў Каліфорніі.
У 2019 годзе Рыдл абвясьціў, што ён і яго жонка адчулі, што Госпад вядзе іх назад у Паўднёвую Каліфорнію. Яны вярнуліся ў Анахэйм і дагэтуль служаць у царкве як лідары праслаўленьня і адказныя за творчасьць.

Упершыню Джэрэмі выйшаў на сцэну ў 2007 годзе з альбомам «Full Attention», які атрымаў высокую адзнаку крытыкаў. Альбом быў створаны ў супрацы са служэньнем Vineyard. У гэтым праекце быў гіт «Sweetly Broken», які быў сьпевам нумар адзін на радыёстанцыі K-Love больш за 40 тыдняў у 2007 годзе. Іншымі сынгламі з гэтага запісу былі «Stand in Awe» і «God of All Glory». З тых часоў Джэрэмі шмат гастраляваў па ЗША. Гурт Джэрэмі супрацоўнічаў з Рэбэкай Сэнт-Джэймс, з гуртом «Big Daddy Weave», а таксама выступаў на мерапрыемствах разам з Брэнтанам Браўнам.
У 2009 годзе Джэрэмі выпусьціў свой другі альбом «The Now and Not Yet» з сынгламі «Bless His Name» і «Christ Is Risen».
Сваё музычнае служэньне Джэрэмі пачаў у складзе служэньня Vineyard. На працягу 2011-2019 гадоў Джэрэмі быў часткай музычнага служэньня Bethel Music. Пераехаўшы ў Анахэйм Рыдл пачынае выпускаць свае альбомы ўжо самастойна. За гэты час пасьпелі выйсьці тры альбомы.
Цікава, што даволі доўгі час разам з музыкай Джэрэмі займаўся падлеткавым служэньнем. У адным з інтэрвію ён падзяліўся цікавым досьведам свайго служэньня. Для падлеткаў аказалася больш важным не проста навучыць іх падымаць рукі падчас праслаўленьня, але стварыць атмасфэру, дзе гэта будзе цалкам натуральным. Сярод вялікай колькасьці падлеткаў Джэрэмі ствараў каманды, даваў адказнасьці, у тым ліку і адказнасьць за праслаўленьне. Такое стаўленьне да падлеткаў давала ім магчымасьць раскрыць свае таленты і выкарыстоўваць іх для Госпада.
Джэрэмі верыць, што новае пакаленьне сфармуе новыя стылі ў праслаўленьні і зробіць свой вялікі ўнёсак у сьвет хрысьціянскай музыкі.
На беларускую мову перакладзены сьпеў Джэрэмі Рыдла «Яго Імя — Ісус».