Беларускае Праслаўленьне

Махалія Джэксан

“Я сьпяваю Божыя сьпевы, бо Гэта дае мне адчуваць сябе свабоднай”

Гэтая жанчына выконвала толькі Госпэл. Яна адмаўлялася сьпяваць любыя нерэлігійныя сьпевы, а таксама выступаць у кампаніі, якую лічыла непрыстойнай. Тым ня менш Джэксан запісвалася на радыё, тэлебачаньні, выступала з канцэртамі ў Карнэгі-Хол у Нью-Ёрку. Выпусьціла 30 альбомаў, 8 з якіх сталі “залатымі”, бо прадаваліся мільённымі тыражамі.

 У сваім імкненьні трымацца прынцыпа, каб музыка адлюстроўвала яе веру і асабістае бачаньне, яна магла супрацьстаяць прадзюсэрам, прапаведнікам і нават сябрам. Луіс Армстронг быў адным з тых, хто угаворваў яе паспрабаваць сябе ў стылі джаз ці поп, але безпасьпяхова.

Хто ж яна?

Нарадзілася Махала Джэксан (яна сама пазьней дадала літару “і” ў сваё імя) 26 кастрычніка 1911 г. на Вотер Стрыт у Новым Арлеане, штат Луізіяна. Махалія была трэцяй з шасьці дзяцей. Яе бацька ўдзень быў партовым грузчыкам, увечары – цырульнікам, а ў нядзелю ператвараўся ў прапаведніка мясцовай супольнасьці. Пачала сьпяваць у баптысцкай царкве, дзе і прыняла хрост у 12 гадоў.

У 20 паехала ў Чыкага. Так пачалося самастойнае творчае жыцьцё. Спачатку Махалія спявала ў розных хрысьціянскіх хорах, дзе, дзякуючы глыбокаму кантральта, хутка стала асноўнай салісткай.

Адказваючы на пытаньне, чаму Госпэл, яна адказвала:

“Гэта дорыць мне надзею”

Аднойчы яна натхніла Марціна Лютара Кінга на вядомую прамову “I Have a Dream”. Калі вядомы прапаведнік стаяў перад 250000 натоўпам, ён пачуў яе гучны голас: “Раскажы ім пра сваю мару, Марцін! Раскажы ім пра сваю мару!”

Яе блізкія казалі, што яе сэрца, як і яе дом былі заўжды адчыненыя, асабліва для моладзі.

Джэсі Джэксан:

“Яна ставіла веру і кар’ёру на адну лінію, і яны былі на адным узроўні. І канешне ж, калі ў яе доме зьбіралася вялікая кампанія, яна ўмела прыгатаваць ежу настолькі ж добра, як і сьпяваць”

А на разьвітаньне – пасланьне ад Махаліі Джэксан: Даверцеся Богу і Ён паклапоціцца пра вас.

Глядзіце таксама: «MercyMe»