Беларускае Праслаўленьне

MercyMe

MercyMe – гэта адзін з найбольш папулярных амэрыканскіх хрысьціянскіх гуртоў. 

Неаднаразова гурт займаў лепшыя пазыцыі ў амэрыканскіх і сусьветных чартах. А сьпевы і альбомы атрымлівалі ўзнагароды, такія як GRAMMY (2018).

MercyMe існуе вось ужо 26 гадоў і да сёньняшняга дня застаецца верным свайму пакліканьню – пісаць і выконваць сьпевы праслаўленьня і пакланеньня.

Робі Шафер, Бары Граўл, Барт Мілард, Натан Кохран і Майкал Чайтзэр

Пачынальнікам гурта зьяўляецца Барт Мілард, які ў дзяцінстве зусім ня марыў стаць сьпеваком, бо захапляўся футболам. Паколькі гэта была сямейная традыцыя, то на Барта ўскладаліся вялікія надзеі. Аднак, як хтосьці сказаў бы, нешта пайшло ня так…

Яшчэ ў сярэдняй школе, Мілард зламаў нагу, што паставіла крыж на кар’еры футбаліста. Хлопец вымушаны быў шукаць сабе іншае захапленьне. Так ён трапіў у царкоўны хор, дзе і раскрыўся яго «даўно закапаны» талент. Ад сьпевака Барт дарос да кіраўніка хору. Але ў душы жыла мара мець свой рок-гурт.

У адным са сваіх інтэрв’ю Барт сказаў:

«Музыка давала мне надзею, калі я адчуваў сябе безнадзейным. Любоў, калі я адчуваў сябе нелюбімым. Прычыну жыць, калі я паміраў знутры. Калі песня кранала мяне, я адчуваў, што жыву не проста так. Потым я зразумеў, што ўсе гэтыя дабраславеньні былі дарамі ад Госпада. А музыка была проста каналам для іх, каб дасягнуць майго сэрца.»

Калі Барту Міларду споўнілася 18 гадоў, моладзевы пастар царквы, якую ён наведваў, прапанаваў хлопцу ехаць з гуртом праслаўленьня ў Тэхас, дзе будучы лідар MercyMe і пазнаёміўся з будучымі членамі групы Джымам Брайтсанам і Майкам Чайтзэрам. Адбылося гэта ў 1994 годзе.

Барт са сваім бацькам

Напачатку хлопцы не пісалі сваіх сьпеваў, а выконвалі каверы на вядомыя хрысьціянскія кампазыцыі. Толькі пераехаўшы ў Фларыду ў 1996 годзе сябры набылі памяшканьне пад студыю, і пачалі запісваць свае сьпевы. Там за няпоўных два гады выйшла тры альбома.

MercyMe ў гэты час выступалі ў асноўным на летніках і канферэнцыях. Пазьней да іх далучыўся ўдарнік і гурт пераехаў у Тэхас. Там яны запісалі два незалежных альбома, цалкам прысьвечаных пакланеньню — Thee Need I Worship project. Апошні на працягу тыдня разышоўся тыражом у 5000 копіяў, і менавіта ў ім зьявілая першая вэрсія сьпеву I Can Only Imagine, пра які мы ўжо пісалі раней у #гісторыясьпева. Агульны тыраж альбома склаў 70000.

Паслухайце адзін з апошніх сінглаў «Almost Home».

Усяго за 26 гадоў гурт выпусьціў 18 альбомаў, не лічачы сынглаў, што раскупаліся шматтысячнымі тыражамі. MercyMe і сёньня працягвае натхняць і прымушаць задумвацца пра Хрыста мільёны людзей па ўсім сьвеце.

Глядзіце таксама: «Мэт Рэдман»