Гісторыя жыцьця майстра Робэрта Лоўры
Робэрт Лоўры нарадзіўся 12 сакавіка 1826 года ў сям’і эмігранта з Паўночнай Ірляндыі ў Філядэльфіі, штат Пэнсільванія. У 17 год ён перажыў навяртаньне і далучыўся да Першай баптысцкай царквы Філядэльфіі. Там ён служыў настаўнікам нядзельнай школы, а таксама сьпяваў у хоры.
Робэрт Лоўры
Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Льюісбургскім унівэрсытэце, цяпер Унівэрсытэт Бакнэла. Большасьць заняткаў праходзіла ў падвалах Баптысцкай царквы, і ўжо падчас навучаньня Робэрт адрозьніваўся талентам прапаведніка. Ён, нават, арганізаваў хор і навучаў іншых студэнтаў музыцы. Для выкананьня ён сачыняў і ўласныя сьпевы. Пазьней Лоўры будзе выкладаць у гэтым унівэрсытэце рыторку, атрымае ступень доктара багаслоўя і стане яго рэктарам.
У 1854 годзе ён ажаніўся з Ганнай Локслі і быў рукапакладзены на пастарства. Служэньне яго пачалося з Заходняга Чэстара, пасьля ён служыў у штаце Нью-Ёрк. Яго адзначалі як сапраўднага дасьледніка Бібліі, добрага адміністратара і таленавітага прапаведніка за яго яскравыя апісаньні і прыклады, якія натхнялі іншых. Таксама, яму было ўласьціва пачуцьцё гумару і лагоднасьць характару.
Першая баптысцкая царква, у якой служыў Лоўры
Пастарства было яго асноўным абавязкам, але ён працягваў ствараць сьпевы. У 1864 ён напісаў «Shall We Gather at the River?» – «Ці пабачымся мы каля ракі?»: твор напісаны падчас эпідэміі ў горадзе, асновай для яго сталі радкі з Адкрыцьця, 22 разьдзел —
І паказаў ён мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выходзіла з пасаду Бога і Ягняці.
Гімн стаў папулярным ня толькі ў Амэрыцы, але і ў Эўропе. Аднойчы Робэрт прыехаў у Лондан, каб пабачыць самых вядомых на той час настаўнікаў нядзельнай школы. Ён сядзеў на апошняй лаўцы і калі ён збіраўся ўжо пакідаць залю, кіраўнік сходу абʼявіў, што ў залі прысутны аўтар гімну «Shall We Gather at the River?» і папрасіў яго выйсьці наперад. Мужчыны пачалі апладаваць яму, жанчыны махалі хусткамі, а пасьля ўся заля выканала яго гімн. Лоўры ўзгадвае:
Калі ён скончыўся, я адчуў, што, магчыма, я зрабіў троху добрага ў гэтым жыцьці, і адчуваў сябе больш чым калі-небудзь гатовым да сьмерці, калі Бог пакліча мяне.
«Shall We Gather at the River?»
Тэкст жа гімну «Nothing but the blood» напісаны ў 1876 годзе, і адносіцца да традыцыйных гімнаў, якія вядомыя ва ўсім сьвеце, а ў канцы артыкула мы публікуем яго тэкст па-беларуску. Радкі «Толькі кроў Хрыста Ісуса», якія паўтараюцца ў тэксьце сьпеву, перагукваюцца з 9 разьдзелам Пасланьня да Габрэяў, у якім Павал гаворыць пра запавет часоў Майсея і параўноўвае складаньне ахвяры за правіны габрэямі з дасканалаю ахвяраю Хрыста за ўсё грахі чалавецтва:
Ён цяпер адзін раз зьявіўся на сканчэньні вякоў дзеля адкіданьня грэху праз ахвяру Сваю. Габрэяў 9:26.
Радкі сьпеву:
У 39 год ён выдаў сваю першую анталёгію гімнаў. У 42 гады ён стаў рэдактарам зборніка гімнаў для нядзельнай школы: на працягу наступных 30 год разам з клясыкамі хрысьціянскіх сьпеваў Уільямам Доўнам і Айрам Санкі яны працавалі над яго зьместам. Пасьля Робэрт працаваў з Доўнам і над іншымі анталёгіямі для нядзельнай школы, продажы якіх, у выніку, перавысілі мільёны асобнікаў.
Gospel Music: A Choice Collection of Hymns and Melodies, New and Old, for Gospel, Revival, Prayer and Social Meetings, Family Worship, Etc
Агулам Лоўры прыпісваюць стварэньне каля 500 мэлёдый для гімнаў, але вельмі часта ён дадаваў да музыкі свае тэксты. Гэта яго адрозьнівала ад іншых кампазытараў таго часу. Пры гэтым, ён вучыўся музыцы сам і калі стаў музычным рэдактарам, ён па-сурʼёзнаму паставіўся да гэтага і шукаў найлепшыя падручнікі, праз што займеў шыкоўную бібліятэку.
Пра сябе ён пісаў:
Я назіраю за сваім настроем, і калі мяне ўражвае што-небудзь добрае, няхай гэта будзе слова або музыка, і ўсё роўна, дзе я знаходжуся, дома або на вуліцы, я запісваю. Нярэдка палі газэты або зваротны бок капэрты служаць нататнікам. Я думаю, мой мозг – гэта нешта накшталт прадзільнай машыны, таму што ў ім пастаянна гучыць музыка.
Здароўе Робэрта пачало пагаршацца ў 80-х гадах, і ён адправіўся ў падарожжа па Мэксыцы. Але да гэтага не пакідаў пастарскага служэньня, і пасьля падарожжа зноў вярнуўся да яго, хоць у Робэрта ўжо пачаў пагаршацца слых.
Дзякуючы працы Робэрта Лоўры, нядзельныя школы ў Амэрыцы і Эўропе займелі выдатныя калекцыі сьпеваў. Яго творчасьць ацэньваюць як пераход у госпэл музыцы да запамінальных, жывых мэлёдый, якія былі лёгкімі для разуменьня і вельмі натхняльнымі. Ён быў чалавекам, які клапаціўся пра сваю царкву як пастар і таксама прысьвяціў сябе на стварэньне зборнікаў для нядзельнай школы, каб і дзеткі маглі славіць Госпада.
Тэкст і акорды можаце знайсьці тут: «Толькі кроў Хрыста Ісуса»
Глядзіце таксама: «Майкл Сьміт»