Ціхая Ноч | Silent Night
Каму ў гэтыя перадсьвяточныя дні ня прыйдзе на памяць сьпеў «Ціхая ноч»? Пра папулярнасць гэтага сьпеву кажа колькасьць яго перакладаў. «Ціхая ноч» перакладзеная больш як на 300 моваў сьвету.
Як жа быў створаны гэты цудоўны калядны гімн?
Доўгі час яго лічылі народным тырольскім сьпевам, бо яго разносілі па розных краінах вандроўныя музыкі. Пазьней аўтарства пачалі прыпісваць розным вядомым кампазытарам, такім як Гайдн, Моцарт, Бетховен, бо лічылася, што такую мэлёдыю мог напісаць толькі сапраўдны талент!
Як «Ціхая ноч» узьнікла насамрэч?
Геніяльная кампазыцыя была напісаная за лічаныя гадзіны напярэдадні Раства — 24 сьнежня 1818 году — простым настаўнікам і арганістам Францам Груберам на верш, які за два гады да гэтага напісаў памочнік сьвятара Ёзэф Мор. Яны ж і выканалі гэты сьпеў у той жа вечар у царкве Св. Мікалая ў мястэчку Оберндорф блізу Зальцбурга.
Існуюць розныя версіі, якім чынам была напісаная музыка, што магло так натхніць арганіста?
Напярэдадні Раства ў сям’і Грубэраў адбылася трагедыя — яны згубілі сваё адзінае дзіця. І як Франц не спрабаваў суцешыць сваю жонку, яна заставалася безуважнай і бязьдзейснай. Настаўнік-арганіст пайшоў у царкву адзін. Калі вярнуўся, то сеў за фортэп’яна і пачаў імправізаваць мэлёдыю, што паклалася на словы верша ягонага сябра айца Мора. «Ціхая ноч, сьвятая ноч…» — гэтыя словы праніклі і ажывілі застылае сэрца беднай маці…
І сапраўды гэты сьпеў вось ужо 200 гадоў адкрывае сэрцы і прыносіць мір. Так нешта неверагоднае адбылося ў калядную ноч у гады Першай сусьветнай вайны. На лініі фронту нечакана прагучалі ня гукі залпаў, а словы «Stille Nacht». Нямецкія жаўнеры ўпрыгожылі дрэвы і засьпявалі свой традыцыйны калядны сьпеў, што даўно ўжо стаўся народным. Пазнаўшы мэлёдыю, ангельскія жаўнеры зацягнулі ў адказ «Silent Night» на сваёй мове. На выніку адбылося нечаканае: варагуючыя бакі абмяняліся каляднымі падарункамі і віншаваньнямі. Гэтая ноч сталася сапраўды ціхай…
Сёньня мы прапануем паслухаць незвычайнае выкананьне гэтага незвычайнага гімну і яшчэ больш паглыбіцца ў атмасфэру Раства.
Тэкст і акорды можаце знайсьці тут: «Ціхая ноч»
Глядзіце таксама: «Прыйдзі, прыйдзі, Эмануэль»