Беларускае Праслаўленьне

Joy to the World

«Joy to the world» («Радуйся сьвет») адзін з асноўных твораў, якія выконваюць на Раство.

Яго словы былі напісаныя Ісаакам Уотсам, і на сёньняшні дзень ён застаецца адным з самых публікаваных гімнаў. Аднак цікава тое, што сьпеў ня быў задуманы, як калядны, бо яго першапачатковая вэрсія ня мела сувязі з Раством, а хутчэй з Другім прышэсьцем Хрыста. «Joy to the world» нават ня мусіў быць сьпевам наогул!

Ісаак Уотс (1674 –1748)

Ісаак Уотс быў адным з найвялікшых аўтараў гімнаў у царкоўнай гісторыі, і мабыць нішто ня сьведчыць пра гэта лепш, чым той факт, што ён напісаў адзін са сваіх самых вядомых гімнаў выпадкова.

Уотс змагаўся з тым, што ён успрымаў як недахоп радасьці ў хрысьціянскім набажэнстве. У 1719 годзе Ісаак Уотс выдаў кнігу вершаў, у якой кожны верш быў заснаваны на псальме. Але замест таго, каб проста перакладаць арыгінальныя тэксты Старога Запавету, ён скарэктаваў іх, каб больш выразна спаслацца на місыю Ісуса, якая была адкрытая ў Новым Запавеце. «Радуйся сьвет» быў адным з гэтых вершаў і быў адаптацыяй Псальма 98.

Георг Фрыдрых Гендэль (1685–1759)

А прычым тут Гендэль? Ніякага наўпроставага дачыненьня да стварэньня гімну «Joy to the world» вялікі кампазытар ня меў, хоць і жыў у Вялікабрытаніі ў адзін час з Ісаакам Уотсам, аўтарам тэксту. Сувязь тым ня менш ёсьць.

Праз 100 з лішкам гадоў пасьля публікацыі верша «Joy to the world» бостанскі настаўнік музыкі Лоўэл Мэйсан стварыў мэлёдыю, якая зрабіла адаптаваны ім жа верш Уотса знакамітым калядным гімнам.

Лоўэл Мэйсан (1792-1872)

Менавіта Мэйсан, музыкант, які быў даволі вядомы ў свой час, апублікаваў уласную аранжыроўку мэлядычных фрагмэнтаў з «Мэсіі» Гендэля ў «Occasional Psalms and Hymn Tunes» (1836) і назваў мэлёдыю «Антыёхія». Гэтая аранжыроўка велімі добра дапоўніла тэкст гімна, яна падымае настрой і натхняе рухацца наперад.

Хоць гэта не адзіная мэлёдыя, на якую сьпяваецца тэкст Уотса, яна, безумоўна, асноўная.

У 1911 годзе хор Trinity запісаў вэрсію «Joy to the world», якая стала надзвычай папулярнай. З таго часу было запісана шмат кавэраў рознымі выканаўцамі, такімі як Мэрая Кэры, Пэт Бун, Джоні Кэш, Уолтэр Чэры, Бінг Кросьбі, Эндзі Уільямс ды іншымі.

Прызначэньне гімна «Радуйся Сьвет» ˗ прыносіць радасць людзям. «Joy to the World» натхняе тых, хто слухае, глядзець у будучыню, у тыя часы, калі грэх нарэшце будзе выгнаны, а ўсё чалавецтва будзе грэцца ў славе праведнасьці Усявышняга.

«Трэба спадзявацца і радавацца – будучыня будзе сьветлай»

Уотс і Мэйсан дасягнулі вялікага посьпеху ў сваёй місыі. Хаця яны і не здагадваліся, што з іх супрацы ўзьнікне кампазыцыя, якая будзе натхняць праз вякі.

На нашым сайце вы знойдзеце беларускі варыянт сусьветна вядомага гімну.

Глядзіце таксама: Ціхая ноч