Кіт і Хрысьцін Гэці
Кіт і Хрысьцін Гэці — аўтары гімнаў, сьпевакі, намінаваныя на GRAMMY® і заснавальнікі служэньня Getty Music. Яны паходзяць з Паўночнай Ірляндыі. Іх самае вялікае музычнае захапленьне — напісаньне і выкананьне вялікіх царкоўных гімнаў.
Іх шлях да напісаньня сьпеваў пачаўся ў 2000 годзе, калі Кіт напісаў мэлёдыю для сьпева «In Christ Alone» на адваротным баку камунальнага рахунку ў Паўночнай Ірляндыі. За гэтыя гады сьвет пабачыў шмат сьпеваў і альбомаў. І цяпер ужо разам з чатырма дочкамі сям’я Гэці працягвае сьпяваць і славіць Госпада.
Кіт і Хрысьцін намагаюцца разьвіваць творчае супрацоўніцтва. Яны стварылі Getty Music з мэтай адкрыць асобным людзям, сем’ям і цэрквам прыгажосьць музыкі, у цэнтры якой Хрыстос. Іх творчая каманда ўключае ў сябе ўсё больш удзельнікаў, якія аднолькава пасьвячаюцца як сваім сям’ям і мясцовай царкве, так і напісаньню сьпеваў. 38 з 500 лепшых сьпеваў, якія выконваюцца ў цэрквах ЗША і Вялікабрытаніі — вынік працы Getty Music. Іх першапачатковы музычны лэйбл, Integrity Music, лічыць, што больш за 100 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце штогод сьпяваюць сьпевы Getty Music. Іх гімны спалучаюць розныя жанры і стылі ад клясычнага да сучаснага, а таксама фолк-музыкі і воршып-стыля. Служэньне Getty Music зараз распрацоўвае альбом «Sing! Hymnal», які плянуецца выпусьціць у 2025 годзе ў партнэрстве з Crossway.
Сям’я Гэці любіць напаўняць сваё жыцьцё сьпевамі праслаўленьня, дома са сваімі дочкамі, у мясцовай царкве ці ва ўсіх месцах па ўсім сьвеце, якія яны мелі гонар наведаць — ад Карнэгі-хола да Grand Ole Opry House, ад Цэнтра Кэнэдзі да Сіднэйскага опэрнага тэатра, са спэктаклямі для прэзыдэнтаў, прэм’ер-міністраў і адмысловымі тэлевізійнымі праграмамі на PBS, CBS, BBC і TBN паміж імі! Яны ладзяць штогадовае мерапрыемства «Sing!» — канфэрэнцыю ў Нэшвіле, Тэнэсі (названая ў гонар іх кнігі 2017 г.), і цяпер яны асабліва радыя, бо канфэрэнцыя «Sing!» на сёньняшні дзень праходзіць на кожным кантыненце. Таксама Кіт і Хрысьцін будуць дапамагаць весьці праслаўленьне на Чацьвёртым Лазанскім кангрэсе ў Паўднёвай Карэі.
Паводле Christianity Today, Кіт і Хрысьцін «зьмянілі спосаб набажэнства эвангельскіх вернікаў». Гімн «In Christ Alone», напісаны ў суаўтарстве з Сьцюартам Таунэндам, атрымаў мноства ўзнагарод: ад таго, што BBC назваў яго другім самым папулярным гімнам у Вялікабрытаніі, да таго, што ён быў уключаны ў пяцёрку лепшых гімнаў усіх часоў паводле Брытанскага Таварыства гімнаў. Кіт стаў першым сучасным хрысьціянскім музыкам, узнагароджаным каралевай Лізаветай II ордэнам Брытанскай імпэрыі ў 2018 годзе за яго ўнёсак у музыку і гімны. Іншыя іх прызнаньні ўключаюць у сябе адну намінацыю на GRAMMY®, адну мэйнстрымную Billboard №1, дзьве ўзнагароды GMA (з 16 намінацыямі) і тры ганаровыя доктарскія ступені. Таксама Кіт і Хрысьцін былі названыя стыпендыятамі Каралеўскай школы царкоўнай музыкі.
Гімны Гэці былі запісаныя вялікай колькасьцю выканаўцаў ад Элісан Краўс, Рыкі Скэгз і Вінцэ Гіла да брадвейскай Хізэр Хэдлі, паўднёваафрыканскага вакальнага гурта Ladysmith Black Mambazo, хораў якога кольвек густу і шэрагу госпэл-выканаўцаў, у тым ліку Крыса Томліна, Майкла У. Сьміта, хіп-хоп выканаўца Трып Лі і R&B-сьпявачкі Блэсін Офар.
Творчасьць Хрысьцін таксама адкрыла новыя магчымасьці, такія як запіс усёй Бібліі ў якасьці аўдыявэрсіі для Crossway і зьяўленьня ў фільмах, у тым ліку «Падарожжа пілігрыма» і «Сабіна». Яна радая, што ў бліжэйшыя гады выйдзе некалькі новых дзіцячых кніг яе аўтарства.
Зараз Кіт і Хрысьцін асабліва прысьвячаюць час і сілы для Getty Music Foundation, новай некамэрцыйнай арганізацыі, місыяй якой зьяўляецца навучаньне аўтараў гімнаў і разьвіцьцё хрысьціянскай культуры ў розных кутках зямнога шара.
Разам са сваімі чатырма дочкамі Кіт і Хрысьцін жывуць паміж Паўночнай Ірляндыяй і Нэшвілам у пастаянных вандроўках і служэньні.
На сёньняшні дзень на беларускую мову перакладзеныя сьпевы «Знайду надзею ў Хрысьце» і «Радуйцеся».
Таксама на нашым сайце вы знойдзеце гісторыю стварэньня сьпева Getty Music «In Christ Alone».