Зямля бацькоў
Некаторыя сьпевы перарастаюць рамкі музычнага твора і становяцца сымбалем часу, падзей, веры.
Менавіта такім для тысячаў беларусаў стаў гімн «Зямля бацькоў», які прагучаў на Фэстывалі надзеі з Франклінам Грэмам у Менску. Тысячны хор выконваў гэты гімн перад дзясяткамі тысяч людзей, і ён гучаў як малітва за Беларусь, за яе народ і будучыню, аб’ядноўваючы розных людзей адной надзеяй на Божае дабраслаўленьне.
Аўтар гімна Зямля бацькоў
Аўтарам гімна зьяўляецца хрысьціянскі кампазытар, дырыжор і ўдзельнік Акадэмічнага хору Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Крыловіч.
Яго творчасьць нарадзілася з глыбокай любові да Бога і Беларусі. У сваіх песьнях ён не толькі зьвяртаецца да біблейскіх ісьцін, але і разважае пра духоўны лёс роднай зямлі, заклікае да адзінства, пакаяньня і надзеі.
«Зямля бацькоў» стала адной з самых вядомых песень Аляксандра Крыловіча. У ёй з асаблівай цеплынёй апісваецца прыгажосьць беларускай зямлі – яе азёры, лясы, крыніцы. Але галоўная думка песьні – ня толькі захапленьне Радзімай. Яна нагадвае, што ахвяра Ісуса Хрыста датычыцца і Беларусі, а будучыня яе народа непарыўна зьвязана з верай, малітвай і духоўным адраджэньнем.
На стварэньне гэтай песьні аўтара натхніў вакал Валянціны Уцінай – салісткі Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Валянціна зьвярнулася да Бога ў 89-90 гады.
Першымі выканаўцамі песьні сталі: сам кампазытар, Уладзімір Трафімчык, Мікалай Русецкі, Міхаіл Русецкі – сябар і саслужывец аўтара.
«Зямля бацькоў» і «Фэстываль надзеі»
Маштабны зводны хор з 1300 галасоў і сымфанічны аркестар пад кіраваньнем Дзьмітрыя Пекуна выканалі «Зямля бацькоў» на «Фестывалі надзеі» у Менску. Гэты «Фестываль» з удзелам Франкліна Грэма адбываўся 16 і 17 траўня 2026 года ў Менску на «Чыжоўка-Арэне».
Падчас самай першай сустрэчы творчага аргкамітэта фэстывалю было прапанавана ўключыць песьню «Зямля бацькоў» у рэпэртуар. Тады ж узьнікла ідэя выкарыстаць у аранжыроўцы цымбалы, што надало твору асаблівае нацыянальнае гучаньне. Гэтую ідэю прапанавала Ірына Бейня, хрысьціянскі кампазытар і выканаўца.
Да працы над аранжыроўкай быў запрошаны Андрэй Цапко. Падчас абмеркаваньня канцэпцыі ўзьнікла ідэя надаць песьні больш эпічнае гучаньне, ператварыўшы яе ў маштабную музычную кампазыцыю. Задума прадугледжвала стварэньне атмасфэрнага ўступу з выкарыстаньнем аўтэнтычных беларускіх матываў, далейшае драматургічнае разьвіцьцё і яркі, урачысты фінал. У працы над творам таксама абмяркоўвалася магчымасьць зьмяніць музычны памер, каб яшчэ больш узмацніць яго выразнасьць. На ўсіх этапах працы над творам актыўны ўдзел у творчым працэсе прымаў і галоўны дырыжор Дзьмітры Пекун, які ўнёс значны ўклад у яго мастацкае ўвасабленьне.
Гімн выконваўся адным з першых твораў у першы дзень фэстывалю, 16 траўня.
Сола выканала Аліна Ганчарык, унучка Мікалая Русецкага, аднаго з першым выканаўцаў гэтага гімна.
А ў другі дзень зводны хор «завершыў» ім фэстываль – сьпевакі пачалі стыхійна выконваць «Зямлю бацькоў» па-за асноўнай праграмай, што зрабіла беларускамоўны эвангельскі сьпеў неафіцыйным гімнам «Фэстывалю». Гімн стаў адным з галоўных эмацыйных момантаў канцэрту на Чыжоўка-Арэне, які сабраў людзей вакол пасланьня Божай надзеі.
Матэрыял падрыхтаваны на аснове інфармацыі з Instagram-старонкі ben_irina
Тэкст сьпева “Зямля бацькоў”
Глядзіце таксама: “Божа, бліжэй да Цябе“
